Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае сваю дзейнасць за мяжой.

“На 2025 год перад намі стаіць шмат розных задач”, – распавёў намеснік кіраўніка аб’яднання Арцём Брухан нашаму радыё.
РР: Якія асноўныя задачы вы, як арганізацыя, бачыце перад сабой на 2025 год? Ці ёсць ужо нейкая канкрэтыка?
– Для нас насамрэч нічога не змянілася. Нашы галоўныя мэты застаюцца ранейшымі: дасягненне адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за яго міжнародныя злачынствы, працяг працы па санкцыйным ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама на яго прадстаўнікоў — суддзяў, пракурораў, людзей, якія ладзяць і арганізоўваюць рэпрэсіі супраць беларускага грамадства. У гэтым сэнсе нічога новага няма.
– Аднак я хацеў бы дадаць: важна таксама працаваць з элітамі вакол Лукашэнкі і рэгіянальнымі чыноўнікамі. Ім трэба давесці, што Лукашэнка не вечны, ён скончыць сваю палітычную кар’еру, а Беларусь павінна застацца. Мы ўсе разам будзем адбудоўваць Беларусь, і нам давядзецца дамаўляцца. Я ўпэўнены, што беларусы здольныя дамовіцца паміж сабой. Гэта вельмі важны кірунак працы. Многія гавораць пра нацыянальны дыялог — ён магчымы, але толькі без Лукашэнкі.
РР: На вашу думку, ці разумеюць эліты, што і іх можа закрануць гэтая справа?
– Безумоўна, разумеюць. Яны ўжо задумваюцца, як будуць жыць, калі Лукашэнка сыдзе. Кожны думае пра сваё будучыню. Шматлікія чыноўнікі маладзейшыя за яго і спрабуюць вызначыцца, ці застануцца на сваіх пасадах, ці змогуць замацаваць свае пазіцыі, а можа, увогуле пакінуць сістэму і сыдуць у прыватны бізнес. Гэта частка той інфармацыйнай працы, якой мы займаемся. Мы даносім пасланні не толькі беларусам, але і чыноўнікам, і так званым элітам.
РР: І каб не патрапіць пад колы палітычнай машыны. Іншая важная тэма — ядзерная вайна. Ці маглі б вы выказаць прагнозы на гэты конт?
– У 21 стагоддзі перспектыва ядзернай вайны, якая прывядзе да ядзернай зімы, здаецца малаверагоднай. Але не варта быць фаталістамі. Сёння галоўная перашкода — недахоп чалавечых рэсурсаў. Многія беларусы хочуць працаваць на карысць сваёй незалежнай краіны, але людзей не хапае.
– Пры гэтым увага і партнёраў, і саміх беларусаў засяроджана на тым, што адбываецца ва Украіне. Аднак не варта забываць, што галоўнае для нас — гэта Беларусь. Мы спрабуем вярнуць яе ў міжнародную павестку праз палітычныя канферэнцыі і мерапрыемствы, як, напрыклад, беларускія дні ў Еўрапейскім парламенце. Нам трэба верыць у змены і працаваць над тым, каб яны сталі магчымымі.
РР: Калі казаць пра беларусаў у Беларусі, то многія цяпер адмаўляюцца ад актыўных дзеянняў з меркаванняў бяспекі. Ці мае значэнне іх унутраная пазіцыя, калі яны фактычна нічога не могуць зрабіць?
– Безумоўна, мае. У цяжкі час захаванне веры ў перамены і каштоўнасці, у якія верыш, вельмі важнае. Гэта складаная праца, асабліва калі вакол не відаць падтрымкі. Змены могуць адбыцца не сёння і не заўтра, але рана ці позна яны надыдуць. І захаванне веры, разуменне таго, што будзеш рабіць у гэты час, — гэта ключавое.
РР: Каб завяршыць нашу размову, хацелася б абстрагавацца ад палітыкі. Што для вас значаць Каляды і Новы год? Як вы звычайна адзначаеце гэтыя святы?
– Гэтыя святы для мяне — сямейныя. Вельмі хацелася б адзначаць іх у Беларусі ў коле сяброў і сям’і, але пакуль гэта даводзіцца рабіць за мяжой
РР: А ці загадваеце жаданні на Новы год?
– Не, я не загадваю жаданні, бо больш люблю складаць планы. Лічу, што лепш не толькі марыць, але і дзейнічаць.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З Арцёмам Бруханам гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






