Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё ад пачатку і засвойваць новыя прафесіі.
Арцём. Скончыў адзін беларускіх ВНУ па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік. Працаваў амаль 20 год эканамістам, фінансістам, бухгалтарам.
Арцём – з тых беларусаў, якія ў пошуку заробкаў да вайны паехаў працаваць у Расеі, аднак пасля 2022 года не змог болей заставацца ў тым грамадстве: “Пачалося на вачах змяняцца і палярызавацца грамадства, з’явілася нейкая нервовасць. То збіралі на нейкую тушонку, то на шкарпэткі для тых, хто ваюе за Расею і атакуе Украіну. Гэта проста эмацыйна мяне прыгнятала і раз’юшвала. А ты не можаш нічога адкрыта сказаць, Бо калі пачнеш, то можаш патрапіць за краты за знявагу расейскіх узброеных сіл ці за падтрымку тэрарыстаў” – згадвае Арцём.
Апошнія гады мужчына працаваў у даволі буйных кампаніях РФ. Аднак, нягледзячы на добры заробак і наладжаныя побытавыя праблемы, вырашыў усё кінуць і пераехаць у Польшчу. Рашэнне з’ехаць Арцём прыняў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны:
– Я ўжо не змогспакойна жыцьу Расеіі глядзецьна ўсё, што там адбывалася. Я не хацеў, каб маедзеціраслі ў краіне, дзе падтрымліваюць агрэсію супраць Украіныі дзе людзі з гэтым змірыліся. І не толькі змірыліся, але і моўчкі гэта падтрымліваюць.” – распавядае Арцём.
Арцём адзначае, што наважыцца на падобны крок, усё кінуць, пераехаць у невядомасць, было цяжка:
– У мяне была стабільная праца, стабільнае жытло, уласная кватэра. Было ўсё ўладкавана і ўтульна. Дабрабыт быў арганізаваны. І трэба было ўсё гэта кінуць і рашыцца на нешта невядомае. Цяжка было псіхалагічна, бо пастаянна разважаў, дзе браць грошы, як жыць, як уладкавацца. Адзінае справа, калі ты адзін, то адважыцца і кінуць усё даволі лёгка. Зусім іншая справа, калі маеш нейкую адказнасць за сваю сям’ю, за дзяцей, за жонку. То кінуць усё ўдвая, а тое і ўтрая цяжэй. Але я пайшоў на гэта дзеля будучыні дзяцей.
Спачатку Арцёму самому не верылася, што яму ўдасца неяк уладкавацца на новым месцы, у новай краіне:
– 20 гадоў да гэтага я працаваў у Беларусі і Расеі, а тут едзеш у іншую краіну, дзе іншае заканадаўства, іншыя прынцыпы працы ў такой галіне, як бухгалтэрыя і фінансы. І давядзецца ізноў пачынаць усё з нуля. Будаваць наноў кар’еру. І пераезд – гэта хутчэй крок на перспектыву для дзяцей.
Калі Арцём пераехаў у Польшчу, то спачатку было складана. Паводле ягонай спецыяльнасці, зразумела, працу ніхто не прапаноўваў. Даводзілася шукаць іншую працу. Падпрацоўваў на будоўлі. Таксама падрыхтаваў дакументы і змяніў правы на польскія, каб працаваць кіроўцам таксі. Але зразумеў, што калі ўцягнецца ў таксаванне, то пасля гэтага будзе цяжка змяніць працу.
Арцём пачаў уздымаць ровень сваёй польскай мовы, глядзеў серыялы па-польску, запісваўся на ўсе магчымыя бясплатныя курсы польскай, якія прапаноўвалі грамадскія арганізацыі. Спачатку жыць даводзілася на ранейшых зберажэннях, фактычна не працуючы.
“Падпрацоўваў на будоўлі. Але гэта было на некалькі дзён, там маглі заплаціць, а маглі і не, Гэта ўсё было несур’ёзна. І я шукаў працу паводле сваёй спецыяльнасці.” – адзначае Арцём. Ён пайшоў на бухгалтарскія курсы, каб атрымаць веды і досвед працы паводле польскага заканадаўства, даведацца, якія тут ёсць асаблівасці, падцягнуць прафесійную лексіку.
Такім бачыць палітычнага беларускага мігранта штучны інтэлект
Навучанне на бухгалтарскіх курсах Арцёму дафінансавала адна з фундацый. Пасля навучання ён уладкаваўся на стажыроўку, працу там яму аплачвала біржа працы. Плацілі палову мінімалкі, прыкладна каля 2000 злотых. Гэтых грошай Арцёму хапала, каб зняць пакой і харчавацца. І ён далей працягваў шукаць працу, маючы ў СV запіс, што працуе ў бухгалтарскай фірме. І яму ўдалося. Некаторыя фірмы пачалі звяртаць на яго ўвагу, нават мае ўжо дзве прапановы працы. Арцём спадзяецца, што дзякуючы новым працам у яго атрымаецца зняць нармальную кватэру для сям’. “Пачынаў я з таго, што проста праядаў і пражываў свае зберажэнні, а цяпер выйшаў на сталы заробак”. – радуецца Арцём.
Але дом для Арцёма застаўся ўсё роўна ў Беларусі.
– Я там вырас, там усе мае сябры, там прайшло дзяцінства, маладосць. Там выходныя я праводзіў у бабулі на вёсцы. Мне таму падабаецца Польшча, бо яна прыродай, кліматам падобная на Беларусь. Людзі зразумелыя, польская культура. Я сябе адчуваю беларусам, хоць доўгія гады і пражыў у Расеі. Але ў будучыні я б хацеў вярнуцца ў Беларусь, бо там я адчуваю сябе ўтульна, мне там усё знаёма, нейкая зона камфорту. Але не ў лукашэнкаўскай Беларусі. Я б хацеў вярнуцца да маёй Беларусі, майго гораду, майго раёну, маёй вёскі. Прычым хацеў бы не проста ездзіць, а менавіта вярнуцца ў Беларусь. Але цяпер там немагчыма гадаваць дзяцей і будаваць будучыню сваю і сваіх дзяцей.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя