BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арцём Задруцкі: Лячэнне адбываецца там толькі ўдарнымі метадамі

Працягваецца выхад палітзняволеных з лукашэнкаўскіх калоній. Але тыя, хто адбыў тэрмін поўнасцю, павінны бегчы з Беларусі, таму што ў любы момант іх могуць вярнуць за краты. Пра тое, што адбываецца  ў месцах зняволення, мы пагаварылі з госцем Беларускага Радыё Рацыя, мастаком з Менску, былым палітвязнем ПК №1 Арцёмам Задруцкім, які быў асуджаны па справе Зельцара на тры гады калоніі агульнага рэжыму.

З госцем Радыё Рацыя размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Што вы можаце сказаць пра сваю адседку, пра яе ўмовы?

Арцём Задруцкі: Аб’ектыўна жудасныя, з медычнай дапамогай усё дрэнна, і стала яшчэ горш на дадзены момант. Большасць людзей, якія працуюць у пенітэнцыярнай сістэме, гэта людзі, якія не робяць гэта па загаду, а таму што ў іх ёсць, напэўна, нейкія свае асабістыя амбіцыі ці жаданні. Я не разумею гэтага ўсяго, чаму працягваюцца незразумелыя здзекі над людзьмі, дзеля чаго гэта робіцца. Чаму нельга адмовіцца ад усяго гэтага і сказаць – я не хачу рабіць дрэнна.

РР: Якімі сваімі дзеяннямі яны робяць дрэнна?

Арцём Задруцкі: Рознымі метадамі ўздзеяння, пачынаючы ад фізічных метадаў уздзеяння, заканчваючы простай адмовай у аказанні медычнай дапамогі альбо проста ігнараванне нейкіх праблем зняволеных. І гэта тычыцца не толькі палітзняволеных, а ўсіх.

РР: Палітычных, напэўна, катавалі асабліва?

Арцём Задруцкі: Так, канешне, больш мераў уздзеяння прымяняецца да людзей, якія ўтрымліваюцца па палітычных матывах, але ў цэлым гэта датычыцца ўсіх. Праблема цягнецца даволі даўно, проста не ўздымаецца ў цэлым. Праца “на статыстыку”, у большай ступені ўся праца адбываецца на статыстыку. Прынцып працы палягае ў тым, што ім трэба даць нейкую статыстычную справаздачнасць. Напрыклад, у ПК-1 ёсць начальнік медчасткі, не ведаю, ці працуе яна зараз, Наталля Мікалаеўна Фурс – “выдатная”, і яе лозунгам было “у нас няма хворых”. То бок фактычна ў сістэме няма хворых. Кожныя праверкі праходзяць з мінімальнай колькасцю людзей, якія маюць захворванні.

РР: Якую практыку займелі асабіста вы ў сувязі з медычнай дапамогай. Ці патрабавалася вам яна калі-небудзь?

Арцём Задруцкі: Зараз я тут праходжу рэабілітацыю, пачынаю лячэння слыху. Я на левае вуха згубіў, па адчуваннях, дзесьці 60% слыху, калі не 70%. Гэта наступствы захворвання і не аказання медычнай дапамогі.

РР: Гэта вы захварэлі ў турме?

Арцём Задруцкі: Так, я захварэў у турме даволі моцна, пра гэта я казаў ужо не раз. Лячэнне адбываецца там толькі “ударнымі метадамі”, то бок цябе там могуць накачаць ударнай дозай антыбіётыкаў, як у мяне адбылося. А фактычнай дыягностыкі не адбываецца ніякай.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя