BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арцыбіскуп Станеўскі віншуе са святам Божага Нараджэння

У вігілію Нараджэння Пана свой віншавальны зварот да вернікаў кіруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Умілаваныя браты і сёстры!

У бліжэйшыя дні Божага Нараджэння мы адправімся ў духоўную пілігрымку ў Бэтлеемскую пячору, каб знайсці Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях (пар. Лк 2, 12), каб пабыць там з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, святым Юзафам і пастухамі ў адарацыі Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14).

Божае Нараджэнне — гэта непаўторнае свята жыцця і надзеі. Таямніца, якую мы перажываем, дапамагае нам адчуць блізкасць Бога і адкрыцца на іншых людзей. Усіх нас любіць Бог, які з любові да кожнага з нас пажадаў жыць на зямлі: «з намі Бог» (пар. Лк 1, 22).

Бог прыходзіць, — як у той час, так і цяпер, — каб прынесці супакой людзям добрай волі. Ён пажадаў асвятліць складаныя чалавечыя шляхі, вырашыў падараваць радасць тым, каго ахапіў смутак. Хоць не ўсе пазналі Бога, які ляжаў на сене ў яслях, сваёю любоўю Ён вырашыў пераламіць ход гісторыі, клапоцячыся пра кожнага са сваіх дзяцей, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага» (пар. Ян 3, 16).

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам перш за ўсё здароўя, пастаяннага ўзрастання ў веры, вялікай радасці ад Нованароджанага, незнішчальнага багацця, духоўнага святла і спакою ў сэрцы.

Разам з арцыбіскупам Тадэвушам, біскупамі Юрыем і Аляксандрам выпрошваем заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа для кожнага і кожнай з вас.

Свае пажаданні суправаджаю пастырскім благаслаўленнем на Калядныя святы і на кожны дзень Новага, 2025 Юбілейнага года хрысціянства.

У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

catholic.by