BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арт-агляд: Дзень герояў – стары, цяперашні, будучы

Колькі сябе памятаю ў дарослым узросце, Дзень герояў адзначаўся 27 лістапада на ўгодкі пачатку Слуцкага збройнага чыну.

Цяпер мне прапанавалі дзень з той самай назвай і тым самым сэнсам – Дзень герояў – адзначаць 2 лютага на Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага.

Бывае святы ўтвараюцца самі. Сабралі ўраджай – свята, перамаглі ў страшнай вайне – свята, каляндар змяніўся – таксама свята.

А бываюць аўтарскія святы. На носе Дзень святога Валянціна, такое свята прыдумалі маркетолагі. Зрэшты як і Хэлаўін зрабілі святам-карнавалам людзі з рэкламнага аддзелу пэўнай фірмы.

З героямі больш складана. Лёгка адзначаць угодкі Грунвальдскай бітвы, так даўно яна была. Лёгка і прыемна адзначаць Аршанскую бітву – таксама далёкая гісторыя, хоць і з актуальнай для беларусаў павесткай.

А вось з падзеямі не з Сярэднявечча, а з Найноўшым часам усё больш складана.

З маіх назіранняў неафіцыйныя святочныя даты спрэс звязаныя з сённяшнім часам.

Напрыклад, Дзень Волі, дзень утварэння БНР у 1918 годзе, ад пачатку быў пратэснай акцыяй, бо запачаткаваўся групай нацыянальна-арыентаваных грамадзянаў у самым канцы СССР.

Чарнобыльскі Шлях трымаўся доўга, але ўрэшце знік як масавая з’ява, бо тэма забруджаных раёнаў згубіла сваю грамадска-палітычную значнасць.

Дзень Герояў як угодкі Слуцкага збройнага чыну застаўся лакальнай, лічы – клубнай, акцыяй, бо гэта ўжо проста гісторыя.

Тэма Кастуся Каліноўскага вярнулася ў актыўны ўжытак у 2019-м з перапахаваннем у Вільні героя і ягоных паплечнікаў. Дык звярніце ўвагу, што людзі ўжо адзначаюць не пачатак паўстання, не дзень нараджэння Каліноўскага, а перапахаванне. Бо гэта не далёкая, а наша цяперашняе жыццё.

А само перапахаванне шмат кім успрымаецца як знакавая і магічная дзея, якая абудзіла беларусаў. Такія рэчы і праўда святкуюць доўга. Столькі, колькі яны ўражваюць.

А ўражвае большасць беларусаў маштаб і глыбіня падзеяў 2020 году.

Як па мне, Дзень герояў мусіць быць 9 жніўня. Гэта і ўзнёслая і трагічная дата адначасова. Калі беларусы паўсталі па ўсёй краіне, але не ведалі што супрацьстаіць ім проста зло, без усялякіх «але».

Хто такія героі? Гэта тыя, хто пабачыўшы імёны першых забітых, здымкі першых скалечаных і спісы першых тысяч катаваных, людзі не забіліся па кватэрах, а хваля за хваляй выходзілі па ўсёй краіне больш за чатыры месяцы. Ведаючы, што самі могуць быць забітымі, скалечанымі і катаванымі.

Дзень герояў – сінонім да Для Беларусі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя