Чарговыя таргі па доме сям’і палітыка Валерыя Цапкалы былі прызначаныя на 25 лютага, але яны зноў не адбыліся — не знайшлося ахвотных купіць гэтую нерухомасць.

Раней дом, у якім зарэгістраваныя і двое непаўналетніх дзяцей, ужо спрабавалі прадаць з аўкцыёну ў лістападзе 2024 і студзені 2025 года, але пакупнікоў на яго таксама не знайшлося. Цяпер цана выстаўленага лота была 1 262 400 рублёў, што амаль удвая менш за цану першага выстаўлення на продаж.
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі за тое, што нібыта сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да абʼяднанага штабу Святланы Ціханоўскай.
Ад лета 2020 года сям’я Цапкалаў жыве за мяжой. На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў зняволення.
Паводле беларускага заканадаўства, нельга забіраць жыллё, у якім пражывае даўжнік або яго сям’я. Аднак улады Беларусі канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: e-auction.by






