Госці эфіру – былыя палітвязні – Віктар Пархімчык і Ірына Шчасная. Віктар у верасні адзначыў два гады з моманту свайго вызвалення. Ірына – хутка будзе паўгода, як яна выйшла на волю.

РР: Пытанне складанае – што трэба зрабіць, каб усе палітычныя вязні выйшлі на волю, незалежна ад таго, пісалі яны прашэнне аб памілаванні ці не?
Віктар Пархімчык: Я не маю дакладнай схемы і механізму, як гэта зрабіць зараз. Магу толькі сказаць, што калі мець на ўвазе папулярнае пытанне, ці працуюць эканамічныя санкцыі, я магу сказаць, што ў сённяшнім выглядзе яны не працуюць. Таму асноўным чыннікам для вызвалення будзе падзенне рэжыму, які можа адбыцца, як мы зараз пабачылі ў выпадку з Асадам, вельмі хутка. Але гэта залежыць ад таго, дзе знаходзіцца сам корань гэтай праблемы. Іголка Кашчэя знаходзіцца не ў Менску, а ў Маскве.
РР: Калі Вы былі ў зняволенні, у вас паўставалі такія кадры, якія мы пабачылі ў навінах з Сірыі, калі натоўп пратэстоўцаў ламае краты, зразае замкі, выпускае ўсіх палітвязняў?
Ірына Шчасная: Шчыра кажучы, такога пэўна не было. Таму што адразу прыйшло ўсведамленне таго, што зняволенне зацягнецца і зацягнецца настолькі, колькі я атрымаю па выраку так званага суда. Не, такога не было. Што да пытання, як выцягнуць адтуль усіх палітзняволеных, я салідарная з Віктарам, не пры рэжыме Лукашэнкі. Ён ужо адчуў, што такое гэтая кроў, гэтае гора, і ён не будзе адпускаць людзей, можа толькі пакрыху, па некалькі груп, як мы зараз назіраем, будуць выходзіць. Але ў той жа час будуць садзіць новых людзей. Спадзявацца на тое, што рэжым Лукашэнкі правядзе нейкую лібералізацыю, і ўсе апынуцца на волі, канешне, гэтага не будзе. І падзеі з 2020 года па сённяшні дзень гэта яскрава ілюструюць.

РР: Якія парады вы можаце даць тым, хто выйшаў на волю і блізкім палітвязняў?
Ірына Шчасная: Перш за ўсё вырашае атачэнне палітзняволенага, ровень падтрымкі. Калі гэта сапраўды людзі, якія дбаюць пра яго, то з цягам часу ўсё будзе добра. Калі чалавеку не пашанцавала, то пэўна трэба звяртацца па псіхалагічную, псіхіятрычную нават дапамогу, і тут няма чаго саромецца – гэта жыццё.
Віктар Пархімчык: Мой досвед за кратамі шмат у чым мне зараз дапамагае, як гэта не дзіўна гучыць. Напрыклад, калі я кладуся спаць, я ўзгадваю карцар, як там было. І мне так добра спіцца пасля гэтага. Таму што ў маёй памяці, як было там, і як зараз. Таму гэта прышчэпка на будучыню ад нейкіх негатыўных падзей, якія могуць адбывацца. Але мы прайшлі гэта і выйшлі. І дзякуй Богу, жывыя. І я згодны з Ірынай, што вельмі залежыць ад таго, які ў чалавека тыл, хто яго падтрымлівае.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Юрась Дзяшук






