5 кастрычніка споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння каталіцкага святара заходняга абраду, рэлігійнага і культурна-асветнага дзеяча, аднаго з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя, душпастыра і педагога Францішка Грынкевіча (1884-1933). Родам Францішак Грынкевіч быў з вёскі Новы Двор Сакольскага павета (Беласточчына), дзе ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і.

Францішак Грынкевіч па тым часе меў вельмі добрую адукацыю. Спачатку вучыўся ў Навадворскай народнай школе. Потым скончыў гімназію ў Гародні. У 1901-1905 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі і працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З верасня 1906 года Францішак працягваў навучанне за свой уласны кошт у Мітрапалітальнай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. А ў 1907-1909 гадах быў слухачом у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Стаў кандыдатам філасофіі.
Францішак Грынкевіч быў пасвячоны ў святары ў 1907 годзе. Пачаў сваю душпастарскую дзейнасць вікарыям у Гарадзенскім касцёле Святога Францыска Ксаверыя і ў Бернардзінскім касцёле ў Гародні. Быў капеланам Брыгіцкага касцёла. Выкладаў Закон божы ў Гарадзенскай гімназіі.
Восенню 1909 года ў адным невялікім памяшканні ў Бернардынскіх мурах у Гародні ў ксяндза Францішка Грынкевіча сабралася невялікая грамада беларускай моладзі. Гэта быў арганізацыйны сход гарадзенскага гуртка беларускай моладзі “Хатка”. Да гуртка належалі і школьнікі, і старэйшыя юнакі і дзяўчаты. Першыя два гады сустракаліся ўсе патаемна. Накірунак гуртка быў каталіцкі і беларуска-народніцкі. А мэта “Хаткі” – узгадаваць свядомага беларуса і свядомага хрысціяніна, а таксама захаваць беларускую нацыянальнасць. Былі ў “Хатцы” таксама імкненні і ўнійныя, але пра гэта гутарка ішла асцярожна і без агітацыі.
Сябры “Хаткі” праводзілі сходы, дыскусіі, вывучалі гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама беларускую мову, ставілі спектаклі, якія паказвалі не толькі ў Гародні, а і ў бліжэйшых вёсках. Усё гэта рабілася канспіратыўна і ў тайне ад расейскіх уладаў. “Хатка” мела сваю пячатку, бібліятэку і архіў.
Францішак Грынкевіч усю дзейнасць “Хаткі” трымаў на кантролі. І дапамагаў усім, чым мог. Ён рыхтаваў тэмы рэфератаў, распрацоўваў іх тэзісы, рыхтаваў пасяджэнні, кансультаваў. Амаль усе дакументы і здымкі гарадзенскага гуртка беларускай моладзі загінулі падчас Першай сусветнай вайны.
Вядома ж, што гурток беларускай моладзі ў Гародні не мог не ўзнікнуць – уся справа палягала ў разумнай арганізацыі і мэтанакіраванай працы. Вось такім арганізатарам і выступаў Францішак Грынкевіч – чалавек высокаадукаваны, рэлігійны, з глыбокай эрудыцыяй і інтэлектам.
Францішак Грынкевіч займаўся журналісцкай і літаратурнай працай. Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газетай “Biełarus”, якая выдавалася ў Вільні ў 1913-1915 гадах. Пісаў сам у газету артыкулы і прапаноўваў пісаць ксяндзу Уладзіславу Талочку. Прымаў удзел у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка “Бог з намі”. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую мову “Часіны Прачыстай Дзевы”, выконваў іншыя творчыя планы. Святар не толькі пісаў у газету “Biełarus”, але падтрымліваў яе калектыў маральна і матэрыяльна. А таксама плаціў за навуку бедных беларускіх вучняў, купляў ім адзенне, харчаваў іх…
Адам Станкевіч аднойчы сказаў, што “асоба Францука Грынкевіча ў Гародні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух”. Памёр ксёндз Францішак Грынкевіч 26 ліпеня 1933 года ў Гародні, дзе і пахаваны.

Францішак Грынкевіч з роднымі. 1910-я гады. Фотаздымак з кнігі Гродназнаўства, Гародня-Вроцлаў, 2012 г.

Беларускае Радыё Рацыя