Тэндэнцыі канца года ў журналістыцы: рэпрэсіі супраць рэдакцый, якія ў Беларусі хоць і адмовіліся ад палітычных тэмаў, але працавалі. Такім чынам новыя прозвішчы дадаюцца да спісу журналістаў за кратамі, хаця трое з нашых калег у 2024 годзе – выйшлі на волю.
Кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Іншая тэндэнцыя – так званая завочная судовая вытворчасць, якая пашыраецца. Нават гэта можна вызначыць як слова года.
-Завочная вытворчасць, напэўна, слова года для беларускай медыясупольнасці. У гэтым годзе надзвычай моцна актывізаваліся рэпрэсіўныя захады ўладаў у бок журналістаў, якія выехалі з Беларусі. Амаль 60 ператрусаў зафіксавана на дадзены момант. Я баюся, што да канца года іх стане яшчэ больш. І большасць з гэтых ператрусаў – гэта ператрусы ў людзей, якія выехалі з Беларусі, а сілавікі прыходзілі ў Менску і іншых гарадах да іх родных. Праводзячы гэтыя завочныя вытворчасці, завочныя крымінальныя справы, арыштоўваюць маёмасць, забіраюць рэдакцыйныя пасведчанні. Гэта адна з сумных адметнасцяў гэтага года.
Зразумела, што гэта лепш, чым калі чалавека затрымліваюць у Беларусі, з другога боку, зразумела, што гэта ціск на родных. У многіх выпадках сілавікі наўпрост кажуць, што яны хочуць ад родных, што трэба перадаць самому журналісту ці журналістцы, камусьці кажуць вяртацца, ці прапануюць спыніць сваю дзейнасць і яшчэ нейкія патрабаванні. Але самыя прыкрыя выпадкі, калі родных прымушюць запісваць пакаяльныя відэа.
Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадвае, што сёння 45 супрацоўнікаў медыя ў Беларусі знаходзяцца за кратамі. Усяго па стане на 18 снежня прызнаныя палітычнымі вязнямі 1276 чалавек. Па розных ацэнках беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсій, значна больш.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя