
Рэдакцыі тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускага Радыё Рацыя шчыра віншуюць пісьменніка Барыса Пятровіча з 65-годдзем. Шчыра зычым літаратару моцнага здароўя, аптымізму і новых творчых дасягненняў!
17 ліпеня спаўняецца 65 гадоў беларускаму пісьменніку Барысу Пятровічу.
Родам Барыс Пятровіч з Хойніцкага раёна. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ ў 1984 годзе. Працаваў у газетах “Гомельская праўда”, “Звязда”, “Літаратура і Мастацтва”, часопісе “Полымя”.
У 2002 годзе Барыс Пятровіч заснаваў і стаў галоўным рэдактарам новага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў”, які за адносна кароткі час здолеў заваяваць папулярнасць і вядомасць у краіне, зрабіўшыся самым аўтарытэтным незалежным літаратурна-мастацкім выданнем Беларусі. Вакол «Дзеяслова» аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне пісьменнікі, а таксама перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.
У снежні 2011 года Барыс Пятровіч быў абраны старшынёй Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі, што аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 450 сяброў. У якасці куратара серыі і рэдактара выдаў больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка, а таксама больш дзясятка кніг у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».
Дэбютаваў Барыс Пятровіч апавяданнем «Успамін. Яблыкі» у 1988 годзе (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасце быць» (2004), «Жыць не страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэнне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015) і іншых. Барыса Пятровіча называюць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.
Шчыра віншуем Барыса Пятровіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, творчага натхнення, новых кніг і сямейнага дабрабыту.


Беларускае Радыё Рацыя






