BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Башкартастан – важны пункт на сучаснай палітычнай мапе

У Расеі асудзілі башкіра за нібыта распальванне нацыянальнай варожасці. Але башкіра падтрымалі сапляменнікі мітынгам пратэсту, які скончыўся сутыкненнем з паліцыяй. Канфлікт пачаўся 15 студзеня і трывае да сёння. Чаму падзеі ў гарадку за тысячу з лішкам кіламетраў ад Беларусі важныя і беларусам, і людзям з шмат якіх краінаў?

Башкартастан, студзень 2024

Пачну, здавалася б здалёк. З маўклівых акцыяў пратэсту ў Беларусі ў 2011 годзе, якія доўжыліся практычна ўсе тры летнія месяцы.

Здавалася б, толькі нядаўна перад тым былі Плошча канца 2010, разгон якой стаўся першай карнай акцыяй у сучаснай Беларусі. Наступныя два месяцы – паляванне на ведзьмаў, то бок пераслед грамадскіх арганізацый, далей тэракт у метро і як вішанька на торце эканамічны абвал. А тут – нечаканая палітычная актыўнасць на вуліцах.

Выйшлі маладыя людзі, якія, магчыма, не счыталі, што запужванне насельніцтва датычыла іх таксама.

Гэта тая самая моладзь, тады гадоў па 20-25, якая праз дзевяць гадоў склала аснову першых трох дзён Беларускай рэвалюцыі ў 2020 годзе.

Падобная нясчытка цяпер адбываецца адносна падзеяў у Расеі. Спачатку ў башкірскім гарадку пратэстуюць супраць суду над вядомым і шмат кім паважаным грамадскім актывістам. А пасля паціху патрабаванні выходзяць ужо на палітычны ўзровень.

А крыкі на аматарскіх відэа кшталту «што ж вы робіце, вы ж чалавека збіваеце!» вельмі нагадваюць ужо бачанае беларусамі. Адна справа глядзець адмарожанасць людзей у пагонах па тэлевізары, іншая – сустрэць проста перад сабою. Ва ўладаў задача запужаць, каб не выходзілі на новыя пратэсты, а людзі часта затаіваюцца ў чаканні моманту для адпомсты.

Нам тут за тысячу з лішкам кіламетраў ад Башкартастану не так важныя дэталі. Хоць яны цікавыя, як з лідара этнічнай меншасці можна ператварыцца і ў ачольніка сацыяльнага руху, дзе разам не толькі башкіры, але ўсе этнічнасці.

Мы назіраем прыклад нестабільнасці Расеі. Пра што шмат казалася, у тым ліку і ў «Тэме дня» на «Рацыі»: што паўнамаштабная вайна супраць Украіны выкліча ў Расеі зварушэнні ў нацыянальных рэспубліках і наагул у «рэгіёнах».

Палітыкам, паліттэхнолагам і медыйшчыкам вельмі важна не прапусціць гэтыя кволыя парасткі грамадзянскага і нацыянальнага станаўлення ў Расеі.

Усе людзі добрай волі зацікаўленыя, каб Крэмль займаўся ўнутранымі праблемамі, а ў фінале людзі на сваёй зямлі без Крамля вырашалі якім будзе іх жыццё.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя