“Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадставіла Канцэпцыю рэформ у медыясектары Беларусі. Яе прэзентаваў 16 студзеня ў Доме журналістаў Літвы намеснік старшыні “БАЖ” і кіраўнік юрыдычнага аддзела Алег Агееў. Гэты дакумент распрацаваны экспертамі арганізацыі на выпадак, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў. І, як зазначыў Алег Агееў, акно можа прыадчыніцца на кароткі тэрмін, таму важна будзе данесці сваю канцэпцыю парламентарыям, бо юрыст спадзяецца, што Новая Беларусь будзе парламенцкай краінай, а прэзідэнт будзе мець нашмат менш паўнамоцтваў, чым цяпер.

– Для таго, каб адбылася сапраўды грамадская дыскусія шмат па якіх пытаннях, трэба рэфармаванне медыясектара, і, канешне, гэта стварэнне грамадскага вяшчальніка, гэта ліквідацыя Міністэрства інфармацыі, гэта скасаванне вялікай колькасці прававых актаў, якія фактычна маюць рэпрэсіўны характар, замінаюць дыскусіям і спрыяюць рэпрэсіям масавым. Таму адпаведна вось такія асноўныя этапы.
Сваё меркаванне наконт Канцэпцыі рэформ медыясектара Беларусі выказалі і літоўскія калегі. Старшыня Літоўскага саюзу журналістаў Аўдрыс Антанайціс сказаў, што распрацоўка такой канцэпцыі вельмі важная справа. Але зазначыў, што беларускім калегам трэба быць гатовымі да таго, што толькі 10-20 %, максімум – 30% ад прапанаванай канцэпцыі будзе ўлічана новымі ўладамі.

– У дэмакратыі план ніяк не можа пайсці ў жыццё ў чыстым выглядзе, гэта вельмі вялікі кампраміс. І калі вам 20 ці 30% давядзецца прасунуць з таго, пра што вы марыце, гэта будзе вялікі поспех. Да гэтага трэба рыхтавацца. Але я рады, што вы марыце і вы чакаеце, таму што мы чакалі 50 год.
Канцэпцыя рэфармавання медыясектара закранае пытанні рэгулявання і самарэгулявання, стварэння інстытута грамадскіх СМІ, новыя падыходы да падтрымкі СМІ з боку дзяржавы, а таксама пытанні адмены і рэфармавання дзеючага рэпрэсіўнага заканадаўства.
Пазнаёміцца з канцэпцыяй можна па спасылцы: https://baj.media/wp-content/uploads/2026/01/media-sector_reform-concept-by.pdf
Цалкам матэрыял:





























Беларускае Радыё Рацыя






