Нямецкія журналісты высветлілі, што палітык і бізнесовец Ёрг Дорнау, на цыбульнай ферме якога працавалі беларускія палітвязні, часта бываў у Беларусі і падтрымліваў кантакты з мясцовымі ўладамі.

Журналісты таксама знайшлі былога палітвязня, які працаваў на цыбульнай ферме Дорнау пад Лідай. Яго завуць Сяргей Чарняк, яму 60 гадоў. Цяпер ён у Польшчы.
Чарняк расказаў журналістам, што апынуўся ў зняволенні за перапосты з апазіцыйных рэсурсаў, каментары і лайкі. Ён музыка, добра вядомы ў роднай Лідзе. Тройчы адбываў арышт па 15 сутак кожны. У лютым падчас трэцяга зняволення яго адправілі на цыбульную ферму Дорнау “Цыбулька-Бел”.
Акрамя яго, там былі яшчэ 30 зняволеных. Палітычных везлі на працу са звязанымі рукамі. Працаваць даводзілася ў тым жа адзенні, у якім людзі былі падчас затрымання. Ім не выдалі ні цёплых куртак, ні працоўнай формы.
Дорнау — чалец ультраправай партыі AfD і дэпутат зямельнага парламента.
Беларускае Радыё Рацыя






