BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь у канцы рэйтынгу “Індэкс чалавечай свабоды”

У штогадовым сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» за 2024 год Беларусь апынулася ў канцы рэйтынгу — на 140-ым месцы з 165, паміж Расеяй, якая ў 2023-2024 гадах скацілася адразу на 16 пазыцыяў (139-е месца) і Конга (141-е месца).

Ніжэй за Беларусь у рэйтынгу 2024 году знаходзяцца толькі ісламскія і афрыканскія краіны, а таксама Кітай і Вэнэсуэла.

У рэгіянальнай групе краін Усходняй Еўропы Беларусь займае апошняе месца. У лідэры ва Усходняй Еўропе трапілі Эстонія, Чэхія і Латвія.

Горш за ўсё экспэрты ацанілі ў Беларусі асабістую свабоду грамадзян, у той час як па эканамічных свабодах становішча Беларусі ў рэйтынгу крыху лепшае.

Найбольшыя праблемы ў Беларусі эксперты бачаць па такім крытэры, як «выказванне меркавання і распаўсюджванне інфармацыі», а таксама «аб’яднанні, асацыяцыі і грамадзянская супольнасць». Таксама ў Беларусі слабыя пазіцыі па рэлігійнай свабодзе і вяршэнстве права.

Што да эканамічных свабодаў, Беларусь мае найбольшы бал па крытэры «надзейнасці грошай» (гаворка пра інфляцыю). Найгорш справы з правамі ўласнасці.

Затое, паводле складальнікаў рэйтынгу, у Беларусі ўсё добра ў галіне свабоды адносінаў (гаворка пра аднаполыя адносіны, скасаванне шлюбу і іншае).

Беларускае Радыё Рацыя