Суд у Польшчы абараніў правы беларуса, які паскардзіўся на дыскрымінацыю паводле нацыянальнай прыкметы, піша “Зеркало”.

У 2022 годзе грамадзянін Польшчы сказаў беларусу Ігару памяняць нумары на машыне і “сп…даляць (нецэнзурны варыянт слова “ехаць”. — Еўрарадыё) да свайго Лукашэнкі”. Мужчына расказваў, як сутыкнуўся з праблемамі праз наяўнасць беларускіх нумароў на аўтамабілі: “За адзін дзень двойчы сутыкнуўся з праблемай на дарозе. Адзін кіроўца проста падрэзаў, другі некалькі разоў моцна тармазіў, а затым выйшаў з машыны і сказаў, каб я змяніў рэгістрацыйныя нумары або “сп…даляй да свайго Лукашэнкі”.
Ігар падаў заяву пра дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце. Пракуратура найперш не пабачыла ў гэтым здарэнні складу злачынства, але беларус абскардзіў рашэнне ў судзе — і справу вярнулі на перагляд. Разгляд справы пачаўся ў сакавіку. У выніку грамадзяніна Польшчы прызналі вінаватым, аштрафавалі, абавязалі кампенсаваць усе судовыя выдаткі і выплаціць дзве тысячы злотых.






