BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Беларусь за 25 год прыйшла да палітычнага фаталізму”

Днямі Банк Ідэй апублікаваў цікавае даследаванне, якое ахоплівае электаральную гісторыю Беларусі за 25 гадоў: ад 2001 да 2025 года. У ім сістэмны аналіз архіўных і сучасных незалежных дадзеных паказвае, як грамадства прайшло шлях ад палітычнай канкурэнцыі да стану палітычнага фаталізму.

Мы размаўляем з “Госцяй Рацыі”, аўтаркай гэтага даследавання, беларускай сацыёлагам, доктарам сацыялагічных навук і адной з заснавальніц Беларускай сацыялагічнай групы – Аленай Шкуровай. Гутарка закране тое, як выглядае партрэт сучаснага выбаршчыка, чаму тэлебачанне застаецца галоўным сродкам фармавання даверу і што можна чакаць ад наступных выбараў у Беларусі.

Алена Шкурова
Алена Шкурова

РР: Вы даследуеце давер беларускага грамадства да выбараў, аглядаеце вельмі вялікі прамежак, 25 гадоў сучаснай гісторыі Беларусі. З 2001 года, наколькі я памятаю, будучы школьніцай, нам у школе казалі, што будуць прэзідэнцкія выбары ў 2001 годзе, Лукашэнка прайграе і ўсё ў Беларусі зменіцца. Чаму вы выбралі ў сваім даследаванні 2001 год краевугольным камянём, і як гэта паўплывала на ўсё даследаванне?

Алена Шкурова: Тое даследаванне – сапраўды фундаментальная праца, і яно з’яўляецца часткай нашай генеральнай працы па рэканструяванні архіву дадзеных інстытута сацыялогіі. 2001 год мы абралі з-за таго, што мы мелі дадзеныя з таго года. Нашай мэтай з’яўляецца якраз-такі канструяванне дадзеных для таго, каб мы маглі сачыць за тым, як развіваліся падзеі ў Беларусі на працягу 25 гадоў, І адлюстроўваць розныя паказчыкі, размаўляць не толькі пра палітычны стан, але і пра розныя паказчыкі. І такой вялізнай мэтай з’яўляецца рэканструяванне гэтых дадзеных. Адным з прыкладаў стала наша даследаванне па палітычнай сітуацыі і спроба рэканструявання электаральных сітуацый на тых перыядах удзелу ў выбарах.

РР: Якія важныя высновы даследавання ўжо можна агучыць сёння для разумення беларусаў і агулам, што гэта за выбары такія былі ў Беларусі цягам 25-ці гадоў?

Алена Шкурова: Найбольш важным, я так думаю, з’яўляецца тое, што мы змаглі сканструяваць ідэю ў мадэлях палітычнага ўдзелу. Мэтай сацыялагічных даследаванняў не з’яўляецца толькі адлюстраванне, хто за каго галасаваў і колькі там было паказчыкаў, Зразумець., як людзі сябе паводзілі, што на іх уплывала. У 2000-ым мы бачым рэжым палярызаванай лаяльнасці з наступным пераходам у рэжым кансерватузму і адаптацыі у 2010 і 2015 гадах. Затым мы бачым выбух палітычнай суб’ектнасці і наступны распад. Зараз мы называем гэта мадэллю палітычнага фаталізму, калі знікае сама ідэя выбараў, страх робіцца новай нормай, у тым ліку на фоне вайны. І палітычная актыўнасць рытуалізуецца, а матывацыяй з’яўляецца адчуванне абавязка.

Цалкам гутарка:

З “Госцяй Рацыі”, – беларускім сацыёлагам, доктарам сацыялагічных навук, адной з заснавальнікаў Беларускай сацыялагічнай групы Аленай Шкуровай, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя