Беларускі моладзевы хаб у Варшаве – пляцоўка, на якой штодня ладзяцца розныя актыўнасці: як культурніцкія, так і сацыяльныя; як для падлеткаў, так і для больш старэйшага пакалення. І ўжо не першы год падтрымаць дзейнасць аб’яднання можна праз адпаведны механізм пералічэння часткі падаходнага падатку. Чаму варта карыстацца гэтым шляхам, што менавіта праводзіць ініцыятыва, а таксама ці ёсць у яе ў планах вяртанне на папярэднюю нашумелую пляцоўку – плошчу Канстытуцыі ў цэнтры сталіцы – Госць Рацыі – кіраўнік Хабу Алесь Лапко распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Шмат хто зараз адзначае, што беларусам у першую чаргу варта данаціць, падтрымліваць праз свае падаткі беларускія арганізацыі. Чаму?
Алесь Лапко: Насамрэч, важна падтрымліваць сваіх, падтрымліваць тыя арганізацыі і ініцыятывы, якія нясуць плён для беларускай культуры, беларускай супольнасці і наогул усіх беларусаў і беларусак, якія зараз жывуць у Польшчы. На жаль, апошнім часам стала складаней знаходзіць нейкае фінансаванне з данатаў ці падтрымкі прыватных асобаў, юрыдычных арганізацый, таму шмат хто пачынае зачыняцца. Проста мы губляем свае пляцоўкі, свае фестывалі, платформы, дзе могуць сустракацца беларускія падлеткі, моладзь і проста кожны беларус і беларуска, якія хочуць быць сярод сваіх. Таму варта ў такі складаны час падтрымліваць адзін аднаго, каб потым мець нейкі плён з дзейнасці тых арганізацый, каго беларусы падтрымліваюць.
РР: У вас быў досвед і ў папярэднія гады, калі вы атрымлівалі грошы праз падаткі, распавядзіце на што былі выдаткаваныя гэтыя сумы.
Алесь Лапко: У мінулыя гады дастаткова паспяховыя для нас былі. Я магу сказаць вялікі дзякуй беларусам і не толькі беларусам, напэўна, якія выбралі нашу арганізацыю. У сярэднім за апошнія тры гады мы атрымалі па 100 тысяч злотых – гэта добрая сума, канешне, не для дзейнасці арганізацыі, але для правядзення канкрэтных кропкавых мерапрыемстваў, каторыя вельмі важныя. Напрыклад, у адзін з апошніх гадоў менавіта з гэтых грашэй была аплачана арганізацыя Дня Волі ў Варшаве – аднаго з важнейшых дзён наогул для беларускай нацыі. Таксама былі падтрыманы дзясяткі культурніцкіх імпрэз на базе хаба – гэта і святочныя канцэрты Музычнай школкі, ранішнікі для дзетак на Новы год, на Раство, на Дзень дзіцяці. Гэта былі праведзеныя дзясяткі сустрэч Інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?” у Варшаве, таксама аргнізаваны чэмпіянаты ў Варшаве, у Сопаце. І, канешне, частка выдаткаў пайшла на тое, каб падтрымліваць нейкія невялічкія ініцыятывы, якім не трэба так шмат грошай, але яны і не могуць звярнуцца да нейкіх вялікіх донараў, але і прыватных сваіх сродкаў не хапае. І мы з радасцю гэта падтрымліваем.
Канешне, любыя выдаткі павінны быць строга прапісаныя ў статуце той арганізацыі, якая гэта рэалізуе – гэта наша арганізацыя, але і мэты, якія прапісаныя менавіта ў партнёрскай арганізацыі, якая нам дапамагае збіраць – гэта FundacjaStudenckaMłodzi-Młodym. Яны кантралююць мэтавае выкананне і выкарыстанне сродкаў, а таксама вядуць усю фінансавую справаздачнасць, то бок, у нас ідзе такі двайны кантроль, каб было зручна, празрыста і эфектыўна, таму што нам найбольш карціць, каб гэтыя сродкі ішлі менавіта на тыя выдаткі, якія мы і іншыя арганізацыі і ініцыятывы не можам пакрыць з іншых крыніц, напрыклад, з донарскіх грошай ці нейкага буйнога фінансавання, якога зараз амаль няма, на жаль, але і тое, што важна для саміх беларусаў – каб беларусы бачылі вынікі таго, на што яны накіруюць. Калі людзі прыходзяць на фэст, удзельнічаюць у ім, таньчаць пад музыку беларускіх музыкаў, дзякуючы гэтым самім людзям, якія выбралі нашу арганізацыю. Калі людзі прыходзяць на Дзень Волі, яны таксама выказваюць не толькі сваю грамадзянскую пазіцыю, яны і рублём аплочваюць тое, каб гэта было арганізавана. І я бачу ў гэтым вялікую магчымасць беларусам і беларускам у Польшчы навучыцца абіраць тыя кірункі, куды ідуць іхныя падаткі і кантраляваць гэта, удзельнічаць і развіваць гэта. Гэта вельмі важна таксама для беларускай супольнасці за мяжой.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






