Беларускае Міністэрства замежных справаў выступіла з заявай, у якой пагражае, што ў краіне могуць быць распачатыя новыя крымінальныя справы ў дачыненні асобаў, якія «ініцыявалі» абмежавальныя меры.
У заяве МЗС чытаем, што забароны, уведзеныя заходнімі краінамі «ў гандлі, спыненне авія- і пасажырскіх чыгуначных зносінаў, закрыццё пунктаў пропуску, увядзенне дэ-факта забароны на пастаўкі ў Беларусь жыццёва важных лекаў, прымусовая забарона на функцыянаванне санаторыяў для дзяцей і іншыя абмежавальныя меры ЕЗ на ўзаемадзеянне з Беларуссю носяць агульны калектыўны характар і накіраваныя на пераважную большасць звычайных беларусаў».
Пры гэтым беларускае МЗС не ўдакладняе ў сваім каментары, за што менавіта былі ўведзеныя абмежаванні. 26 лютага Рада ЕЗ прыняла пастанову прадоўжыць да 28 лютага 2025 года абмежавальныя меры, звязаныя з рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрыманнем рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны.