Фота: facebook.com
З Варшавы наш калега Андрэй Мялешка паведамляе, што яму з дачкой не паставілі дэпартацыю, няма ніякіх дакументаў, што іх дэпартавалі з Грузіі:
Нам адмоўлена ва ўездзе на тэрыторыю Грузіі. І нам не далі ніякіх дакументаў, якія кажуць пра тое, што нас дэпартавалі. Нам проста не паставілі пячаткі пра ўезд, далі паперу пра іншыя прычыны не ўезду, не патлумачыўшы нам нічога. Але наконт дэпартацыі – гэта трохі іншае разуменне, на нейкі вызначаны тэрмін, нам такога тэрміна не сказалі.
РР: Андрэй, ты не першы раз вяртаўся ў Грузію. Дарэчы, колькі часу ты там пражыў?
Андрэй Мялешка: Жыў у Грузіі са жніўня 2021 года. Я вяртаўся туды раз на год, апошнія тры разы я ездзіў, і ніхто ніякіх пытанняў мне не задаваў пры ўездзе. Я таму і выбраў такі шлях. У нас у Грузіі называецца гэта “шлях з Ірана” – абнуленне тэрміну жыцця ў краіне. У нас там такое было, што чалавек мусіць знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі 364 дні, а потым можа на некалькі гадзін ці на некалькі дзён выехаць у іншую краіну і яго тэрмін пачынаецца з нуля. І гэта якраз у мяне быў такі спосаб абнулення знаходжання ў гэтай краіне.
РР: З табой была таксама непаўнагадовая дачка і яе таксама не пусцілі ў Грузію.
Андрэй Мялешка: Так, яе спачатку пускалі, ёй паставілі пячатку, што яе пускаюць на тэрыторыю Грузіі, а потым па выніку гэту пячатку, допуск на тэрыторыю краіны, ёй анулявалі. І ўвесь гэты час, апошнія суткі, яна знаходзілася са мной у гэтым памяшканні, якое называецца “памяшканне для дэпартаваных асобаў”, накшталт камеры ў турме.
РР: Я бачыў фота ў “Фэйсбуку” гэтага памяшкання, яно не натхняе аптымістычна.
Андрэй Мялешка: Людзі ў нашых турмах у Беларусі сядзяць без матрацаў. Я гэта называю “лакшары-камера”. Тут хоць нармальныя матрацы, на якіх можна было ляжаць. Праўда, на гэтых матрацах не было ніякай падушкі, ні бялізны, але ў прынцыпе некалькі гадзін можна было адпачыць, паспаць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
З Андрэем Мялешкам размаўляў наш карэспандэнт Міхась Андрасюк.
***
Вядомага беларускага журналіста Андрэя Мялешку не пусцілі ў Грузію, дзе ён пражыў апошнія некалькі гадоў. Яго непаўнагадовую дачку не аддалі маці.
Дэпартаваны з Грузіі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка разам з дачкой ноччу прыляцеў у Варшаву. Рэйс, на якім яны мусілі пакінуць Кутаісі, затрымалі ажно на 8 гадзінаў. З журналістам не было сувязі, і з’явіліся чуткі, што яго маглі пасадзіць у самалёт да Менску. Але горшага не здарылася.
***
Андрэй Мялешка з дачкой Аляксандрай дагэтуль знаходзяцца ў Кутаісі. Іх абяцаюць адправіць у Варшаву рэйсам у 00:22 мясцовага часу.
* * *
Месцазнаходжанне гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешкі па-ранейшаму незразумелае. Яго разам з дачкой затрымалі, забралі пашпарты і змясцілі ў ізалятар у аэрапорце Кутаісі, куды Мялешка прыбыў з Варшавы. Перадаць дачку жонцы не дазволілі, тая прыязджала ў аэрапорт разам з адвакатам, але ім паведамілі, што рэйс з дэпартаванымі ўжо нібыта вылецеў. Насамрэч, аказалася, што вылет самалёта па маршруце Кутаісі – Варшава пераносіўся 4 разы, і цяпер прызначаны на 00:15. На сувязі журналіст не выходзіць ужо каля 7 гадзінаў.
* * *
«Мы стаім надалей каля канцылярыі ўрада Грузіі на пікеце», – расказаў праваабаронца Раман Кісляк. У нашым эфіры ён пракаментаваў сітуацыю з Андрэем Мялешкам, якога пасля вяртання з адпачынку ў Польшчы не ўпусцілі ў Грузію. Вядома, што журналіст вусна ў аэрапорце заявіў пра міжнародную абарону.
Паводле праваабаронцы, да Андрэя Мялешкі не пусцілі адваката. Ужо каля шасці гадзін журналіст не выходзіць на сувязь. Рэйс Кутаісі – Варшава, якім Андрэя разам з дачкой мелі дэпартаваць у Польшчу, затрыманы. Тлумачэнняў ніякіх не даецца.
* * *
У Офісе Святланы Ціханоўскай пракаментавалі сітуацыю з журналістам Андрэем Мялешкам.
“Гэта, на жаль, не першы выпадак з беларусамі у Грузіі, але і не масавая з’ява. Па нейкіх прычынах Грузія не тлумачыць прычыны дэпартацыі і не дае магчымасці абскардзіць рашэнне ці папрасіць прытулку”, — распавёў @pozirkonline галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка. Ён мяркуе, што гэта “хутчэй за ўсё ініцыятыва спецслужбаў”. “У нас пакуль не атрымалася збудаваць адносіны з урадам Грузіі, а праз парламент, на жаль, вырашаць пытанні не ўдаецца”, — дадаў ён.
Беларускі журналіст Андрэй Мялешка ўжо тры гады вымушана жыве ў Грузіі разам з сям’ёй. Уначы пасля вяртання з Польшчы, куды ён выязджаў у адпачынак са старэйшай дачкой, улады Грузіі затрымалі яго ў аэрапорце і прынялі рашэнне дэпартаваць назад у Польшчу.
* * *
Жонцы журналіста, якая прыехала ў Кутаісі з Батумі, дзіцё не аддалі, стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў з уласных крыніц. Дзяўчынку адпраўляюць назад у Польшчу разам з бацькам. Дзяўчынка цяжка перажывае сітуацыю, з ночы не было магчымасці яе пакарміць. У гэты час яна разам з бацькам павінна вылятаць у Польшчу.
Андрэй з дачкой вярталіся ў Грузію з Польшчы, але яго не пусцілі ў краіну ў аэрапорце Кутаісі. Пра гэта журналіст заявіў у сваіх сацсетках. Яго нібыта хочуць адправіць назад у Польшчу.
Андрэй Мялешка жыве ў Батумі больш за тры гады, са жніўня 2021 года. Дзеці вучацца анлайн у беларуска-ўкраінскай школе. Жонка працуе ў Батумі ў Міжнародным адукацыйным цэнтры. Яна засталася ў Грузіі з малодшай дачкой. Па словах журналіста, грузінскія памежнікі не патлумачылі прычыну адмовы ва ўездзе ў краіну.
* * *
Журналісту Андрэю Мялешку, які вяртаўся з дачкой з Польшчы ў Грузію, дзе жыве пасля ад’езду з Беларусі з палітычных прычынаў, забаранілі ўезд у краіну і плануюць адправіць назад у Польшчу. Пра гэта Мялешка паведаміў “Позірку”: “дэпартуюць на самалёце ў Польшчу. На бліжэйшым рэйсе”, – адзначыў журналіст.
Па словах журналіста, яго з дачкой “закрылі ў пакоі, забралі пашпарты”. “Пашпарты аддадуць тады, калі паедзем у Польшчу. Больш нічога не гавораць”, — сказаў журналіст. Ён паведаміў, што спрабаваў падацца на міжнародную абарону ў Грузіі, але “няма ніякай магчымасці зрабіць гэта без пашпартоў”.
Фота пакою для дэпартаваных асобаў аэрапорта ў Кутаісі.
У Грузіі ў Мялешкі знаходзяцца жонка і яшчэ адно дзіця. Нараджэнец Гародні жыў у Батумі, дзе адкрыў краму беларускай сімволікі.
Беларускае Радыё Рацыя