БАЖ рыхтуецца да канферэнцыі, дзе абмяркуюць пытанні, звязаныя з журналісцкай этыкай. А таксама нашыя калегі-журналісты па-ранейшаму за кратамі ды навошта пашыраюцца прапагандысцкія медыя – гэтыя ды іншыя пытанні Улад Грынеўскі абмяркоўвае з намеснікам старшыні БАЖ – Барысам Гарэцкім. Які, найперш расказаў пра падрыхтоўку да канферэнцыі: 10 верасня ў Вільні збіраюцца прадстаўнікі незалежных СМІ.
-Звычайна мы ў медыясектары стараемся сустракацца некалькі разоў на год даволі шырокім колам для таго, каб абмяркоўваць бягучыя пытанні, праблемы. Безумоўна, штодзённая камунікацыя важная, але на вялікіх мерапрыемствах ёсць магчымасць пачуць больш меркаванняў і больш паглыбіцца ў дэталі тых ці іншых рэчаў. 10 верасня ў Вільні будзем узнагароджваць лаўрэатаў нашага традыцыйнага конкурсу “Вольнае слова” – гэта галоўны конкурс незалежнай беларускай журналістыкі пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. А да гэтага таксама прымеркавалі канферэнцыю, прысвечаную якасці беларускіх медыя. Пагутарым пра тое, якія выклікі сёння да якасці медыя ёсць, а іх даволі шмат. І з некаторымі выклікамі мы ўмеем спраўляцца, а з некаторымі не. І таксама гутарыць будзем пра этычныя праблемы. Што тычыцца якасці, гэта як правяраць інфармацыю, калі ў нас няма сёння журналістаў унутры Беларусі, як не ствараць фэйкі і не публікаваць неправераную інфармацыю. Як калегі даюць гэтаму рады, што нас чакае ў наступным годзе, што зараз з’яўляецца найбольш праблемнай сітуацыяй для Беларусі – пра гэта будзем размаўляць.
РР: Гэта рэакцыя на нейкія праблемныя сітуацыі, якія зараз назіраюцца, ці гэта ўвогуле развіццё журналісцкай супольнасці? Ці проста трэба нейкім чынам адрэагаваць, бо гэтых праблемаў сабралася, і калі мы іх зараз не вырашым, то будзе зусім бяда?
Барыс Гарэцкі: Мы хутчэй за ўсё гэтыя праблемы не вырашым і гэта не рэакцыя. Раз на паўгода – год мы імкнемся праводзіць такія форумы, каб камунікаваць. Вельмі важна, калі ёсць праблема, не хавацца ад яе, а спрабаваць разам знайсці эфектыўнае выйсце. Бо мы хочам, каб нашыя медыя былі эфектыўнымі, каб нашыя слухачы нас чулі, ведалі дакладную інфармацыю. І таму разам будзем думаць, што палепшыць.
Што тычыцца этыкі, тут яшчэ больш пытанняў. Бо ў Беларусі, калі мы былі, у нас існавала камісія па этыцы. І гэта быў галоўны этычны орган беларускага медыясектара. На жаль, з ліквідацыяй нашай арганізацыі, гэты орган тэхнічна прыпыніў працу. Зараз у беларускім медыясектары няма органа, куды чалаек можа звярнуцца са сваімі скаргамі. Канешне, можна сказаць, што юрыдычна многія выданні зараз знаходзяцца ў еўрапейскіх краінах, і ў кожнай краіне ёсць свой такі нацыянальны орган і можна звярнуцца ў літоўскую ці польскую камісію па этыцы, але зразумела, што наўрад беларусы будуць звяртацца ў такія камісіі, а па-другое, наўрад такія камісіі ці камітэты маюць экспертызу, каб разбіраць этычныя праблемы ўнутры беларускіх медыя. Але нават калі вышэй падняцца, з разбурэннем гэтай сістэмы ў нас няма і агульнапрынятага мемарандума, ці кодэкса, ці палажэння пра этыку. У кожнай рэдакцыі ёсць высокія стандарты, кожная рэдакцыя для сябе іх вызначае, Радыё Рацыя таксама, дзякуй вам вялікі. Але часам здараюцца праблемныя моманты, якія нас падштурхоўваюць да таго, што было б добра мець агульны этычны стандарт, да якога далучацца многія медыя і ён будзе высокім мерылам. А ўжо пасля гэтага можна будзе казаць пра этычны орган. Пра гэта будзем размаўляць на канферэнцыі 10 верасня ў Вільні.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя