BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская мова – гэта пра свабоду

Дзень роднай мовы прыдумалі ў Бангладэшы. На прапанову гэтай краіны ў 1999 годзе ЮНЭСКА заснавала міжнароднае свята.

Для пачатку вытрымка з вікіпедыі: «Міжнародны дзень роднай мовы … мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу».

Перакладаю на беларускую рэальнасць. Ад самага прасоўвання беларускай мовы ў публічную прастору, гаворка пра другую палову ХІХ ст, беларуская мова – не пра разнастайнасць і не пра традыцыі. Беларуская мова – гэта пра свабоду.

Шляхціч і адвакат Францішак Багушэвіч «тапіў» за беларускую мову, бо адстойванне свайго дадзенага жыццём, гэтае адстойванне – універсальнае.

Любі сваё, слухай сваё, падтрымлівай сваё! Крок за крокам, і чалавек прыходзіць да разумення таго, што сёння завецца правамі чалавека.

Беларуская мова – гэта яшчэ і пра правы чалавека. Вяршэнства асобы над сістэмай.

Чытаем далей вікіпедыю: «Дзень святкавання – 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш».

Кожны раз, калі вам хтосьці з разумным выглядам будзе бубнець, што «кожная мова – толькі сродак камунікацыі», давайце ім прыклады людзей, якіх саджалі ў турмы і нават забівалі за барацьбу за права карыстацца роднай мовай.

Што да сучаснай Беларусі, з часоў Францішка Багушэвіча мала што змянілася. Вось сведчанне майго прыяцеля: 

– Хацеў з новага года ўладкавацца настаўнікам геаграфіі і фізкультуры ў беларускамоўную вясковую школу.

– Дык вы ўвесь час размаўляеце толькі па-беларуску? – пытаецца дырэктарка.

– Так. У сям’і па-беларуску, на людзях, бываюць канешне выпадкі калі і па-руску.

– Ды вы ж у горадзе жывяце, мабыць апазіцыянер. Трэба вас добра праверыць.

– Дык ужо не трэба. Я паслухаў вас і перадумаў ісці сюды на працу.

Апазіцыянер да чаго? Да прыгнёту.

У вольнай краіне не трэба будзе нікога ўшчамляць паводле моўнай прыкметы. Толькі якасць будзе асновай для выбару. А беларуская мова ўжо даўно адзнака якасці.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі,  Беларускае Радыё Рацыя