Вярхоўная Рада Украіны дадала беларускую мову ў пералік моў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне згодна з Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных або мінарытарных моў. Гэта мусіць садзейнічаць развіццю беларускамоўных ініцыятыў, школ і медыя і дае гарантыі падтрымкі з боку ўкраінскай дзяржавы.

«Прызнанне беларускай мовы ва Украіне як той, што патрабуе дзяржаўнай абароны, а таксама з’яўляецца мовай камунікацыі беларускай меншасці ў дзяржаве — гэта важны крок для ўзаемапаразумення паміж беларускім і украінскім народамі», — цытуе тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Паўла Баркоўскага.
«Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне ўдзячная Вярхоўнай Радзе і парламентарыям Украіны за прыняццё такога закона. Гэта будзе спрыяць развіццю беларускай мовы ва Украіне як важнага кампанента нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і збліжэнню паміж народамі дзвюх краін”, – перакананая кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна.






