
Севярын Квяткоўскі
У сталіцы Чэхіі Празе можна купіць кнігу, выдадзеную ў Латвіі, дзе вымушаны эмігрант з Расеі на вялікай колькасці старонак тлумачыць як Крэмль спрабаваў падпарадкаваць Украіну, і чаму Крэмль чакае параза. Кніга на расейскай мове. Аўтарскае бачанне, якое базуецца на даследаваным матар’яле, спасылкі на які пададзеныя ў канцы кнігі.
Вышэй я апісаў не які-небудзь самвыдатаўскі сшытачак, а дыхтоўна зроблены фаліянт, не раўнуй у падарункавым выкананні.
Відавочна ў Еўропе і наагул на Захадзе ёсць аграмадны расейскамоўны рынак. У Беларусі мне бы да галавы не прыйшло набываць які заўгодна расейскі прадукт з аналізам чаму Крэмль спатыкнецца ад Украіну. У Еўропе інакш.
У гістарычным кантэксце ўсё зразумела: расейская імперыя ўсяго за сто гадоў атрымала тры моцных удары. Я маю на ўвазе 1917 год, калі ад імперыі адваліліся ладныя кавалкі «ускраінаў», 1991 – працяг змяншэння імперыі, і 2014 год калі галоўная посткалонія – Украіна – сказала «да пабачэння» метраполіі.
Тэндэнцыя відавочная: не гледзячы на ўсе магчымыя разлады ўнутры ўкраінскай палітычнай сітуацыі, Украіну Крэмль не захопіць. Прынамсі, «як было» ужо не вернецца.
Расейскаму аўтару прасцей за беларусаў: ён не можа перажываць рэфлексіі паўстання цэлага грамадства супраць дыктатуры. Аўтар глядзіць адразу шырока, маючы перад вачыма разнамасную аўдыторыю, аб’яднаную адно што веданнем расейскай мовы.
Беларусы ж на ўзроўні тэкстаў – напісаных ці прамоўленых – асэнсоўваюць новых сябе. Гаворка пра першы самы важны крок супольнай рэфлексіі – хто мы? Але далей ідзе вызначэнне кантэксту – дзе мы?
У расейскага аўтара няма праблемаў з пытаннем «дзе мы?» што да сваіх суграмадзянаў, якія знаходзяцца ў глыбокай цывілізацыйнай бездані.
Расейскі аўтар апелюе да тых, хто жыве ў вольным свеце. Цалкам магчыма, што аўтар атрымае ганарар, дастатковы, каб напісаць чарговую аналітыку з ухілам у футуралогію.
Расейскі аўтар ведае, што тэма Украіны і развалу Расеі важная, папулярная і перспектыўная. А значыць ягоная кніга можа быць перакладзеная на ангельскую ды іншыя распаўсюджаныя на Захадзе мовы.
І значыць расейскі аўтар паўплывае на фармаванне пэўных візіяў да сучаснага стану рэчаў на сутыку еўрапейскай і расейскай цывілізацыяў.
Асэнсоўваючы сябе ў новых рэаліях, нам, калектыўным беларусам, варта не замыкацца толькі на сабе без прывязкі да астатняга свету.
У аналізе бягучых падзеў трэба адразу сыходзіць з кантэксту, у якім мы знаходзімся.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя