Нягледзячы на моцныя маразы ў Кіеве, Беларускі пункт нязломнасці працуе бесперапынна. Тут заўжды можна выпіць гарачай гарбаты, зарадзіць гаджаты і проста паразмаўляць. А два дні запар у беларускім намёце кіяўлян частавалі дранікамі.

Распавядае беларуская валанцёрка, былая палітзняволеная Ірына Шчасная:
– Насамрэч было вельмі цікава спачатку. Дранікі рабілі беларусы, то бок нацерлі з цыбуляй, з яйцом. Пасля смажыць дранікі захацелі нашы хлопцы-ваяры. Яны гэта рабілі па чарзе. Потым прыходзілі жанчыны мясцовыя, таксама яны хацелі смажыць гэтыя дранікі. Там спачатку была чарга на тое, хто будзе іх смажыць, а потым людзі з задавальненнем частаваліся, казалі вельмі шмат слоў удзячнасці. Казалі, што дранікі вельмі смачныя атрымаліся. Было шмат, хапіла яшчэ і на другі дзень. Дзякавалі нам, беларусам, за тое, што ў гэтую цяжкую хвіліну, у такі крытычны момант мы тут, побач з імі.
Не толькі беларусы ў гэтыя няпростыя дні частуюць сваімі стравамі кіяўлян. З панядзелка ў Кіеве на вуліцах горада будуць раздаваць журэк. У сувязі з працяглымі перабоямі з электрычнасцю і прагнозамі моцнага марозу, польскія валанцёры здзяйсняюць перавозку 1000 літраў польскага супу ва ўкраінскую сталіцу. Арганізатары называюць гэтую акцыю своеасаблівым «абменам цяплом» паміж Польшчай і Украінай, які паказвае падтрымку і салідарнасць у складаныя зімовыя дні.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






