BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі святар, закатаваны ў маскоўскай “Бутырцы”

14 верасня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння каталіцкага манаха-марыяніна і святара усходняга абраду, прэлата Менскай і Пінскай капітулы, архімандрыта, місіянера, рэлігійнага і культурна-грамадскага дзеяча, педагога, доктара філасофіі, магістра тэалогіі Фабіяна Абрантовіча (1884-1946).

Фабіян Абрантовіч. Фота з вязніцы НКУС

Фабіян Абрантовіч паходзіў з мяшчанскай сям’і беларусаў-католікоў Янкі і Юліі (з дому Кашыцаў) Абрантовічоў – жыхароў Наваградчыны. Скончыў Наваградскую гарадскую трохкласную вучэльню. У красавіку 1902 года вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. А з восені таго ж года вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння, паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. На трэцім курсе акадэміі быў пасвячоны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах , а потым быў законавучыцелем прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу.

Фабіян Абрантовіч

У сакавіку 1912 года Фабіян Абрантовіч атрымаў дазвол на выезд з Расейскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лёвена адзначаў не толькі высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага ўніверсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі: “Чым больш знаходжуся ў Лёвене, тым больш з таго цешуся. І сам дзіўлюся, бо ніколі не быў вялікім аптымістам. А яшчэ хацеў бы застацца тут даўжэй”.

Пасля вяртання з Бельгіі Абрантовіч быў прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, дзе выкладаў філасофію, сацыялогію і спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі. Напісаў і выдаў кнігі “Ньюман і мадэрнізм” (Пецярбург, 1909); “Kасцёл і навука” (Пецярбург, 1912); “Чалавек. Філасофска-грамадскі нарыс” (Вільня, 1929).

Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч (трэці злева) з духавенствам Харбінскага каталіцкага

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам быў звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Люцыянам Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях (“Krynica”, “Chryścijanskaja Dumka” і іншых). З’яўляўся адным з арганізатараў і ўдзельнікаў Першага з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску ў 1917 годзе, дзе выступіў з рэфератам “Справа прасветная”, быў сябрам саюза ксяндзоў-беларусаў. Вясной 1918 года святара камандзіравалі адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі ў Менск, дзе ён з’яўляўся адным з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Менску. Пры падтрымцы біскупа Зыгмунта Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам.

З верасня 1919 года Фабіян Абрантовічі стаў сябрам Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасня 1919 года прыняў у Менску Юзаф Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

У пачатку 1920-х гадоў Фабіян Абрантовіч працаваў выкладчыкам эвакуіраванай у Наваградак, а пазней у Пінск, каталіцкай семінарыі. З 1926 года – у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Потым узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Прымаў удзел у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.

У часе свайго прыезду ў Еўропу ў 1939 годзе айцец Абрантовіч быў арыштаваны органамі НКУС і апынуўся ў львоўскай турме. У студзені 1941 года яго перавезлі ў Маскву і абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і шпіёнстве на карысць Ватыкана. Потым асудзілі на 10 гадоў лагераў. Пасля прысуду, аднак, працягваў заставацца ў вязніцы. Дзікія, працяглыя праз усю ноч допыты, пабоі, знявагі… Адзін вязень пазней сведчыў: “Святара Абрантовіча клалі на зямлю, ставілі на яго крэсла і тапталіся па ім, а потым білі нагамі да крыві… Ён амаль заўсёды быў непрытомны пасля цяжкіх пабояў на допытах, а калі ж да яго вярталася свядомасць, ён амаль безупынна маліўся, а разам з ім і ўсе ў камеры”.

Памёр Фабіян Абрантовіч ад катаванняў у маскоўскай турме “Бутырка”.

Беларускае Радыё Рацыя