Прарасейскі дабрачынны фонд Аляксея Талая звярнуўся да беларускіх школьнікаў з прапановай сабраць савецкія і беларускія манеты. Яны патрэбныя Маскве для ўстаноўкі помніка з савецкіх манет “пакаленню пераможцаў” у рамках акцыі «Жывая памяць удзячных пакаленняў».

Пра гэта паведаміў у школьных чатах Аляксандр Кончык – адказная асоба Фонда ад Берасцейскай вобласці. Кончык паясніў, што з савецкіх манет будзе зроблены сам помнік, а сучасныя беларускія манеты пойдуць на аплату па стварэнні і ўстаноўцы помніка. Манеты трэба ўпакаваць у паперу з надпісам прозвішча, узросту, класа, школы і пакласці ў скрынку ля работніка аховы.
Ёсць бацькі, якіх абурыла прапанова збіраць грошы на помнік для Масквы. На іх думку, Беларусь пакуль яшчэ незалежная краіна, гэта першае, а па-другое, пара спыніць ідэалагічныя спекуляцыі адносна Другой сусветнай вайны. Трэба было ўдзячнасць выказваць жывым ветэранам, пра якіх звычайна ўспаміналі толькі на 9 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя






