26 чэрвеня споўнілася роўна два гады, як Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў расейскі палон.

Расея і Украіна 25 чэрвеня правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі. З палону на радзіму вярнуліся па 90 вайскоўцаў з кожнага боку. Гэта быў пяты абмен з пачатку 2024 года.
Як высветліла Свабода, сярод вызваленых з расейскага палону беларускіх добраахвотнікаў з палка імя Каліноўскага — Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзёгцева няма.
Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў палон падчас бою, які адбыўся ля горада Лісічанск Луганскай вобласці 26 чэрвеня 2022 года. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку.
У тым баі загінулі камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое добраахвотнікаў — Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Шатроў і Вадзім «Папік» Шатроў.
Відэа з палоннымі «Тромблі» і «Кляшчом» з’явіліся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.
Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў спіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 года. Але Расея іх не ўключае ў пералік для абмену.
Беларускае Радыё Рацыя






