Журналістка Марыя Грыц паведаміла, што атрымала паведамленне ад прадстаўнікоў спецслужбаў Беларусі праз Facebook. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Як адзначае журналістка, ад яе спрабавалі атрымаць інфармацыю пра дзейнасць і ўнутраныя працэсы ў беларускіх дэмакратычных сілах і дыяспары за мяжой. За гэта прапаноўвалі грашовую ўзнагароду або магчымасць бяспечнага ўезду ў Беларусь.
Паводле звестак, паведамленне прыйшло з новага акаўнта, што можа сведчыць пра чарговую спробу спецслужбаў устанавіць кантакт з актывістамі за мяжой. Раней падобныя спробы адбываліся з профілю пад імем Maria Pulkovskay.
Гэта не першы выпадак, калі сілавікі Беларусі спрабуюць выйсці на кантакт з прадстаўнікамі медыя і грамадзянскай супольнасці. 27 кастрычніка журналісту “Еўрарадыё” Тарасу Тарналіцкаму таксама прапаноўвалі «супрацоўніцтва» — нібыта ад імя ўкраінскай СБУ, каб атрымаць інфармацыю пра беларускія дэмсілы, іх планы і стаўленне да Украіны.






