З ліпеня на волю па т. зв. памілаванні выйшлі 178 палітвязняў, а 223 іншыя атрымалі статус палітычнага зняволенага.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у адной з калоній палітычным зняволеным, якіх толькі што перавялі туды, прапануюць адразу пісаць прашэнні аб памілаванні. У ліпені праваабаронцы паведамлялі, што ў наваполацкую калонію № 1 штодня прыязджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія вымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.
«Вясна» прааналізавала, ці зменшылася колькасць палітвязняў у Беларусі за шэсць хваляў памілаванняў, калі з 3 ліпеня вызвалілі 178 чалавек. Апошняя на сёння група памілаваных выйшла на волю 20 лістапада — 32 палітвязні.
Пры гэтым з 3 ліпеня па 20 лістапада статус палітвязня ў Беларусі атрымалі 223 чалавекі. Усяго па стане на 23 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1271 чалавек, рэальная колькасць нашмат большая.






