Нараджэнца Гародні Паўла Юшкевіча пазбавілі дазволу на пражыванне ў Польшчы, яму пагражае дэпартацыя на падставе сакрэтнага дакумента, выдадзенага больш за 10 гадоў таму Агенцтвам унутранай бяспекі. Гісторыю беларуса распавёў торуньскі партал Nowości, параўнаўшы яе з кафкіянскім сюжэтам.
Павел Юшкевіч нарадзіўся ў Васілішках Гарадзенскай вобласці і прыехаў у Польшчу пасля школы ў 17 гадоў. Спачатку ён жыў з сям’ёй у Піле, але пазней пераехаў у Торунь. Ён быў занесены ў Залатую кнігу студэнтаў Універсітэта Мікалая Каперніка і з’яўляўся стыпендыятам міністра адукацыі. Партал адзначае, што ён актыўна прымаў удзел у дапамозе беларусам, якіх пераследавалі на радзіме.
У 2008 годзе Павел атрымаў дазвол на пражыванне ў Польшчы, а пазней звярнуўся да ваяводы з просьбай аб даванні польскага грамадзянства. Згодна з працэдурай, ваявода запытаў меркаванне розных службаў, у тым ліку Агенцтва ўнутранай бяспекі. Службы палічылі, што торуньскі студэнт уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Юшкевіч не даведаўся падрабязнасцяў, паколькі заключэнне ABW з’яўляецца сакрэтным.
У пятніцу ў справу Паўла Юшкевіча ўмяшаўся старшыня Торуньскай гарадской рады Марцін Чыжнеўскі.
Ён звярнуўся да куяўска-паморскага ваяводы з просьбай прыняць меры для прадухілення дэпартацыі Паўла Юшкевіча з Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Facebook