21 траўня беларусы адзначаць Дзень салідарнасці з палітзняволенымі. З гэтай нагоды ў Варшаве рыхтуюцца 2 вялікія падзеі. Пра іх сёння Госць Рацыі – прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі” Алег Кулеша распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Што плануецца сёлета на Дзень палітвязняў?
Алег Кулеша: Непасрэдна на сам Дзень палітвязняў плануецца адкрыццё выставы ў Музеі Вольнай Беларусі. Вельмі вялізная і цудоўная выстава, яна будзе ісці шмат. 18 чысла, у бліжэйшыя выходныя, плануецца вялізная акцыя. Абраны накірунак такі, які ўжо склаўся ў нас. Гэта акцыя з прысутнасцю фота палітвязняў. На сёння ўжо скончана апрацоўка файлаў, зараз пачнецца друкоўка, набываецца абсталяванне і фактычна цэлы тыдзень, у нас пайшло таксама ў распрацоўку, мы ўпершыню будзем выкарыстоўваць інфармацыйную інтэрнэт-прастору. Гэта быў, скажам так, з нашага боку невялічкі хіб, які мы спрабуем выправіць у гэтым годзе. Таму што інтэрнэт-прастора таксама важная. У розных гарадах акцыі будуць праходзіць па-рознаму, будуць і 21 траўня, будуць і нядзельныя акцыі. Тут ужо на месцы, як дыяспары рашаюць.
Упершыню мы будзем выкарыстоўваць і цік-ток, гэта такая папулярная на сёння прастора. Будзем рабіць і відэаролікі, ужо ў нас пачынаюць вось гэтыя ролікі ляцець, хутка мы іх пачнем апрацоўваць. І вядуцца перамовы з варшаўскім бокам, у нас перасоўная выстава, яна можа выкарыстоўвацца некалькі разоў. І мы плануем яшчэ і 21 зрабіць такую адметную сваю выставу. Фактычна ў мінулым годзе было штосьці падобнае, то бок наша перасоўная выстава выкарыстоўвалася некалькі разоў. Сёлета мы плануем па сутнасці зрабіць тое ж самае, толькі іншы выгляд яе будзе. Усё роўна асноўны яе накірунак – каб згадаць. На кожным фота, каб пачытаць пра палітвязняў, будзе зроблены спецыяльныя QR-коды, праз іх любы замежнік на сваёй мове зможа пачытаць. Таму што, калі беларусы ведаюць, як знайсці інфармацыю пра чалавека на “Вясне”, то замежнікі пра гэта не ведаюць нічога. І мы робім непасрэдна акцыю ў такім выглядзе, каб яна была міжнароднага выгляду, каб чалавек, які жыве ў замежжы, мог зразумець, што гэта за выстава, што гэта за фота, што гэта за людзі. І каб беларус у чарговы раз мог сабе проста нагадаць, што ён хоча даведацца пра чалавека, пачытаць штосьці пра яго. І для гэтага не трэба вышукваць непасрэдна каго праз прозвішча, дастаткова проста навесці на QR-код, і ты адразу атрымаеш усю інфармацыю.
Мы гэта зразумелі яшчэ ў тым годзе, у гэтым годзе дапрацавалі крышачку гэтую ідэю, яна стала больш сур’ёзная.
На сёння я не ведаю, ці мы паспеем, але мы хочам яшчэ зрабіць, каб у кожнага быў свой гаманец. І каб у палітвязняў былі грошы, калі яны вызваляцца, пачынаць збіраць гэтыя гаманцы. Мы маем такую магчымасць, толькі нам яшчэ крышку не хапае досведу, каб гэта было дакладна на кожнага чалавека. Калі мы паспеем гэта ўсё зрабіць, то непасрэдна на акцыі гэта будзе ўжо працаваць.
РР: Як вы бачыце рэалізацыю гэтых самых гаманцоў?
Алег Кулеша: Гэта банкаўская праца грошаў, якія будуць збірацца на гэтыя гаманцы. Яны будуць проста захоўвацца на чалавечым рахунку і ўсё. Калі ён захоча, ён зможа забраць. Там ёсць пэўныя складанасці, зараз гэта разглядаецца, ці мы запусцім гэта сёлета, ці мы запусцім гэта непасрэдна на Дзень палітвязня. Таму што складанасці вельмі вялізныя, але ўсё роўна мы гэта будзем запускаць
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






