У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што з 7 ліпеня ўступаюць у сілу змены ў Закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”.

З гэтага часу юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку ІП, пры здачы памяшканняў жыхарам іншых дзяржаў абавязаны паведамляць пра гэта ў міліцыю. У ведамстве патлумачылі, што з 7 ліпеня пры здачы ў арэнду жылых памяшканняў, пакояў у аграэкасядзібах, садовых домікаў і дач, а таксама бізнес-апартаментаў уладальнікі павінны паведаміць пра замежных гасцей у найбліжэйшы аддзел міліцыі. Зрабіць гэта неабходна не пазней, чым праз 3 гадзіны пасля засялення.
Аднак даваць справаздачу ў МУС трэба не пра ўсіх замежных пастаяльцаў. Пад выключэнне трапілі чальцы афіцыйных дэлегацый, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульстваў, члены экіпажаў грамадзянскіх паветраных суднаў міжнародных авіяліній, брыгад цягнікоў міжнародных чыгуначных зносін, кіроўцы, якія перавозяць грузы і пасажыраў у міжнародных зносінах і не толькі.
У МУС звярнулі ўвагу, што ў адваротным выпадку ўладальнікам жылых памяшканняў пагражае штраф у памеры да 20 БВ (800 беларускіх рублёў). Таму, каб не нарвацца на непрыемнасці, у міліцыі параілі выконваць усталяваныя заканадаўствам тэрміны.
Беларускае Радыё Рацыя