Беларусы Кіева ствараюць мабільны Цэнтр нязломнасці для дапамогі гараджанам, які будзе дапамагаць жыхарам украінскай сталіцы перажыць складаны перыяд адключэнняў святла, ацяплення і вады ў выніку атак Расеі. У мабільным намёце можна будзе сагрэцца, падзарадзіць тэлефоны, атрымаць гарачую гарбату і коўдры. Таксама магчымасць сагрэцца ў намёце атрымаюць і хатнія жывёлы. Цэнтр нязломнасці паўстаў дзякуючы данатам і падтрымцы беларусаў замежжа. Падрабязней пра Цэнтр распавяла ініцыятарка ягонага стварэння, прадстаўніца валанцёрскага цэнтра “Сустрэча” Алена Жаркевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Як з’явілася ідэя арганізаваць Цэнтр нязломнасці ў Кіеве?
Алена Жаркевіч: Ідэя з’явілася проста, таму што я сама жыву ў Кіеве, таму што ў нас няма святла і ва ўсіх нашых суседзяў няма. І мы перамяшчаемся па Кіеве і бачым, што тут адбываецца, то бок у нас няма цяпла, няма святла, і гэта датычыцца амаль кожнага жыхара Кіева. Таму не цяжка было дадумацца да таго, што гэта неабходна зараз.
РР: А можаце ўвогуле апісаць, як выглядае сітуацыя ў Кіеве на дадзены момант., каб слухачы ўявілі, што зараз адбываецца? Наколькі гэта цяжка ў такія маразы без святла, электраэнергіі, ці даюць усё ж электраэнергію, ваду, дзе грэецеся?
Алена Жаркевіч: Я жыву ў прыватным будынку, за сем дзён у нас было святло, мне так падаецца, разоў 10, але гэта па гадзіне-дзве. То бок гэтага хапае, каб нашы батарэі набралі ваду, каб запусціць кацёл і каб ён працаваў гадзіну. Але гэта не награвае дом зусім. Далей мы трымаем бутэлькі, каб у іх наліць ваду. То бок за гадзіну мы набіраем вады, каб нам хапіла да наступнага часу з’яўлення святла. Не ведаю, як сказаць, таму што прадказаць гэта немагчыма, калі святло будзе, калі не будзе. Бывае там пасярод ночы ў дзве гадзіны ўключаюць святло і ўсё. І мы тады вымываем посуд. Набіраем каструлі, бутэлькі, каб была вада, таму што наступны раз, калі будзе вада, невядома.
Дома ў мяне зараз 11 градусаў цяпла., таму што прагравацца нічога не паспявае, што б мы туды не паставілі, генератар мы не набывалі. Такая справа ў нас. Калі казаць пра шматпавярховыя дамы, якія побач з намі, якіх шмат у Кіеве, то там сітуацыя такая ж. Нават калі там ёсць электраэнергія, то напружанне ў разетках невялікая, і таму яна не спраўляецца з тым, каб абагрэць гэтыя кватэры. Уяўляеце, калі суткі кватэра была без святла, без цяпла, то ўсё – яна настуджаная, і абагрэць яе амаль што немагчыма за гадзіну, за дзве. А калі святла ёсць больш, тры-чатыры, то там такое напружанне, што яна не паспявае насосы гэтыя круціць, каб яны спраўляліся з тым, каб было цяпло гэта. І таму пытанне вельмі цяжкае ў кіеўскіх кватэрах. І таму не шмат кватэр, дзе ёсць паўнацэнна хаця б васямнаццаць градусаў. То бок пятнаццаць градусаў нават не будзе сярэдняй у кватэрах па ўсяму Кіеву.
На сёння 80% Кіева – без святла. Мы зараз нават едзем па Кіеву для таго, каб дамовіцца пра намёт, і святла нідзе няма. У нас не працуе навігацыя. У нас за конт таго, што няма святла, няма інтэрнэту, навігацыя працуе вельмі цяжка. З такімі пытаннямі сутыкацца, канешне, у дваццаць першым стагоддзі, – мы не чакалі такога. Дакладна я ўжо чацвёрты год ва Украіне, і такога мы не чакалі.
РР: Папярэднія гады не было такога? Гэта звязана з тым, што зараз такія моцныя маразы ці з чым звязана гэта?
Алена Жаркевіч: Гэта звязана з тым, што былі вельмі моцныя абстрэлы, былі маразы і былі прылёты па дзвюх ТЭЦах, і таму вось гэта звязана менавіта з тым, што шмат чаго было пашкоджана, і інфраструктура Украіны, на мой погляд, проста не спраўляецца.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






