Чаму беларусы такія, а не другія, чаму менавіта зараз яны адчулі патрэбу ў псіхолагах і чаму нашым людзям у Беларусі не вельмі бяспечна звяртацца да спецыялістаў па лячэнні душы раскажа Госця Беларускага Радыё Рацыя – крызісны псіхолаг Алена Грыбанава, якая шмат працуе з беларусамі замежжа.

РР: Ужо не першую лекцыю такую ведзяце па псіхалогіі, вы псіхолаг-прафесіянал?
Алена Грыбанава: Так, я крызісны псіхолаг з больш чым дваццацігадовым вопытам працы практычнай дзейнасці, і ўжо больш за дваццаць год я займаюся крызісамі і працай з псіхалагічнай траўмай.
РР: Чаму вымушаныя былі пакінуць Беларусь?
Алена Грыбанава: Вымушаная была таксама пакінуць за сваю грамадзянскую пазіцыю. У 2021 годзе да мяне прыйшлі, як і да шматлікіх беларусаў. За што? За маю грамадскую дзейнасць, я была незалежным назіральнікам у сваім горадзе, у Магілёве. І таксама я яшчэ ўдзельнічала ў трох грамадскіх валанцёрскіх ініцыятывах дапамогі беларусам, які пацярпелі ад гвалту і рэпрэсій пасля мірных акцый у Беларусі. Я дапамагала як псіхолаг, аказвала крызісную псіхалагічную дапамогу. Вось не спадабалася гэта рэжыму.
РР: Ваша спецыяльнасць дапамагла вам тут прыжыцца і асвоіцца, можна так сказаць?
Алена Грыбанава: Так, таму што найперш мая прафесія дапамагаючая. І, канешне, нельга траўмаваным спецыялістам працаваць, але я сама ўжо троху падраўнялася. І калі я пачула, што я магу далей працаваць і аказваць дапамогу, і калі я бачыла тых людзей, якія былі вельмі разламаныя гэтай усёй сітуацыяй, вельмі пашкоджаныя вось гэтымі рэпрэсіямі, гэтым гвалтам, я бачыла іх такія вочы, я бачыла гэтыя агеньчыкі ў іх вачах, я бачыла тую матывацыю жыць і змагацца далей. І бачыла тое, што людзі мне казалі.
Я магу прывесці прыклад адной маёй кліенткі, якая казала: я зразумела, мы не можам зараз вярнуцца ў Беларусь, а можа зараз не вельмі і патрэбна. А чаму? Уявіце сабе, мы прыедзем у Беларусь усе такія разламаныя, з нейкімі хваробамі, з неўрозамі, з ПТСРамі, а там за столькі гадоў свайго ПТСРа дастаткова. І калі мы прыедзем, гэты натоўп беларусаў, а там свой ПТСР. І што будзе з гэтай Беларуссю? Мы вернемся абавязкова, але вяртацца мы павінны здаровымі, дужымі, а яшчэ, каб заможнымі, то вельмі б было цудоўна.
РР: Удалося стаць на ногі ў прафесійным плане?
Алена Грыбанава: Вось зараз так, зараз я працую ў некалькіх праектах псіхалагічнай дапамогі беларусам і беларускім актывістам, журналістам, праваабаронцам і былым палітвязням. І яшчэ працую як супервізар Харкаўскай праваабарончай групы “Мемарыял” і ўжо пачынаю сваю асабістую практыку. Можа, тое, што ў мяне было і ў Беларусі. Але тое, што я згубіла з гэтай усёй сітуацыі, зараз пачынаю ў Польшчы гэта паціху аднаўляць.
Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя





