BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы сустрэліся з літоўскім дысідэнтам Томасам Венцлавам

Сустрэча беларусаў з літоўскім пісьменнікам, гісторыкам і дысідэнтам Томасам Венцлавам адбылася ў Вільні 26 студзеня ў Беларускім Замку.

Падчас сваёй лекцыі і адказах на пытанні прафесар агучыў актуальныя і вострыя тэмы гісторыі і сучаснасці – памкнення літоўцаў да свабоды, супраціў КДБ і гісторыю дысідэнцтва.

Томас Венцлава не толькі распавёў пра свае выклікі ў структуры дзяржаўнай бяспекі Савецкага саюзу і Амерыкі, але і даў парады беларусам, як супрацьстаяць сістэме:

– Гэта складана і цяжка, я не стаў бы гэта раіць абсалютна кожнаму, але гэта ў межах чалавечых сілаў. Нельга сказаць, што гэта мацней за любога чалавека, далёка не любога, чалавек можа гэтаму супрацьстаяць. Я не лічу сябе вельмі моцным чалавекам, але мне гэта, здаецца, удавалася. Можа, і не заўжды, але ў большасці выпадкаў. Цярпенне і спакою – гэта вельмі важна.

На імпрэзе можна было набыць кнігі Томаса Венцлавы ды іншых вядомых паэтаў і пісьменнікаў Беларусі і Літвы. Іх прывезла крама The bookest world, якая знаходзіцца ў віленскім Ужупісе. Кажа яе працаўніца Марыя:

–  Мы прывезлі розныя кнігі, гэта кнігі, звязаныя з Беларуссю, з беларускімі аўтарамі і аўтаркамі. Напрыклад, выдавецтва “Логвінаў”, “Анархічны чорны крыж” таксама, “Кнігаўка”, “Янушкевіч” прадаюцца. І мы, канешне, на беларускае мерапрыемства намагаемся прывезці тое, што актуальна.

Усім жадаючым літоўскі дысідэнт Томас Венцлава падпісаў набытыя кнігі. А творчы вечар у Беларускім Замку працягнуў бард Роберт Кур з праграмай “Жамчужыны песень”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя