Набліжаецца «Ноч расстраляных паэтаў».

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — трагічная дата беларускай гісторыі XX стагоддзя. У гэтую ноч у Менску былі расстраляны больш за 130 беларускіх дзеячаў культуры, літаратуры, навукі, палітыкі. Расстраляныя 22 літаратары, сярод іх паэты Міхась Чарот, Валерый Маракоў, Алесь Дудар, Юрка Лявонны, Тодар Кляшторны, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Ізі Харык. У гэты дзень беларусы традыцыйна ўшаноўваюць іх памяць. Раней мерапрыемствы праходзілі ў Беларусі. Так з 2017 году групай актывістаў, якія абаранілі ахоўную зону Курапатаў ад забудовы бізнэс-цэнтра, ва ўрочышчы распачалі 29 кастрычніка ладзіць «Ноч расстраляных паэтаў» з чытаннем іх вершаў і выступамі. У 2017 годзе прадзюсар Сяргей Будкін выдаў музычны альбом «(Не)расстраляныя» на вершы расстраляных аўтараў.
Сёння мерапрыемствы пройдуць у Варшаве, Гданьску, Кракаве, Беластоку і іншых польскіх гарадах. А таксама ў Вільні, Празе, Нью-Ёрку, Батумі ды іншых.
Беларускае Радыё Рацыя






