Беларусы збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў Вільні за права дзяцей вучыцца на роднай мове. Пра збор подпісаў паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” зарэгістраваная ў Літве Асацыяцыя беларускіх бацькоў.

“Сёння ў Літве жыве значная колькасць беларускіх сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей на беларускай мове або хочуць, каб іх дзеці навучаліся менавіта на ёй, адначасова вывучаючы літоўскую мову і інтэгруючыся ў літоўскае грамадства”, — канстатуюць складальнікі тэксту.
У гэтым кантэксце, падкрэсліваюць яны, асаблівае значэнне мае гімназія імя Скарыны — “адзіная ў Літве і ва ўсім свеце дзяржаўная школа з беларускай мовай навучання за межамі Беларусі”. Раней паведамлялася, што віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас унёс на разгляд гарадской рады прапанову аб тым, каб дзеці замежнікаў прымаліся на вучобу толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове.






