BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы замежжа стварылі Геральдычную раду

Беларусы замежжа стварылі Геральдычную раду, якая праводзіць вялікую працу на будучыню. Пра тое, што робіць рада і з якой мэтай, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя – публіцыстам, грамадскім дзеячам, прадстаўніком Геральдычнай рады «Пагоня» Алесем Чайчыцам.

РР: Хто стварыў гэтую камісію і як яна працуе?

Алесь Чайчыц: Геральдычная рада аб’ядноўвае некалькі гісторыкаў, геральдыстаў, мастакоў, мы распрацавалі праект сістэмы дзяржаўных узнагародаў, які часткова рэалізуецца цяпер, у тым ліку АПКБ. І паколькі наш профіль – гэта сімволіка, сімвалы, якія рэпрэзентуюць нейкія каштоўнасці, нейкі меседж нясуць, таму тапанімія таксама тычыцца нашага профілю. Гэты праект збольшага зрабіў я, кансультуючыся з калегамі па Геральдычнай радзе, якія з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі. Таму што гэта тычыцца сімвалічнай прасторы, назвы вуліц і помнікі – гэта якраз сімвалы, якія атачаюць чалавека ўвесь час у ягоным штодзённым жыцці. І таму нам вельмі важна было паглядзець, як гэта выглядае зараз у Менску, у Беларусі. І што трэба зрабіць, каб гэта палепшыць. Бо тая карціна, якую мы пабачылі, яна сведчыць пра тое, што перамены тут неабходныя.

РР: Якую ролю вы надаеце геральдыцы, змене геральдыкі, калі прыйдуць дэмакраты да ўлады?

Алесь Чайчыц: Геральдыка – гэта ў сэнсе гербы і сцягі гарадоў, дзяржавы. Гэта важна. Таму што герб – гэта тое, што рэпрэзентуе краіну, горад. Таму ў гэтым давядзецца рабіць вялікую справу ў Беларусі. Цяпер у Беларусі, мы ўсе разумеем, што сцяг абы-які, герб, які  не па правілах геральдыкі. І ён нават не можа лічыцца гербам. І ён супярэчыць гістарычнай традыцыі беларускай. У Беларусі заўсёды гербам мясцовым, рэгіянальным, краёвым была Пагоня. І ў часы нават Расейскай імперыі Пагоня была губернскім гербам на тэрыторыі Беларусі. Прынамсі, значнай часткі Беларусі. Таму праца вялікая будзе наперадзе. Вельмі няўдалыя зараз гербы абласцей беларускіх. Гэта часткова губернскія гербы, якія былі створаны расейцамі і былі навязаныя Беларусі імі, то бок, замежнікамі. Тут рэфармаваць трэба будзе. Гарадская геральдыка – часткова ёсць добрыя прыклады, часткова – не. Таму ўсё гэта трэба будзе перарабляць у сілу таго, што зараз такая нездаровая атмасфера ў Беларусі.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя