У Мастаўлянах урачыста адкрылі новыя інфармацыйныя шыльды, прысвечаныя спадчыне паўстанцаў Каліноўскага. На падзею завіталі прадстаўнікі ўладаў, навуковай супольнасці і беларускай дыяспары. Сярод гасцей быў і даследчык гісторыі паўстання, прадстаўнік руху «Каліноўцы» і адноўленай ініцыятывы Беларуская нацыянальная памяць Анатоль Міхнавец — чалавек, які шмат гадоў вывучае мастаўлянскую спадчыну Каліноўскага і арганізоўваў легендарныя лыжныя паходы з Беластока ў Мастаўляны.
Мы пагаворым з «Госцем Рацыі» — Анатолем Міхнаўцом — пра тое, чаму нацыянальная памяць застаецца фундаментам для пабудовы новай дэмакратычнай Беларусі і як сённяшнія ініцыятывы вяртаюць беларусам пачуццё гістарычнай прысутнасці.

РР: Як вы пачыналі, што змянілася і куды нам варта рухацца далей?
Анатоль Міхнавец: У 2006 годзе польскія ўлады арганізавалі праграму Каліноўскага для студэнтаў і моладзі, якая была рэпрэсаваная падчас выбараў. І сюды прыехала на першы набор 242 чалавекі. Я быў адзін з тых людзей, хто прыехаў на навучанне на праграму Каліноўскага. І натуральна для нас было, што калі мы “каліноўцы”, то мы пачалі займацца ўшанаваннем памяці Кастуся Каліноўскага. І першае, што мы зрабілі, гэта паехалі сюды і шукалі тут інфармацыю, і знайшлі мясцовых беларусаў, Солтаса, які ведаў гэтую ўсё гісторыю і ўсё нам паказаў. Таму што ў інтэрнэце ці ў кніжках была агульная інфармацыя – нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны. А дзе, што, як? І ён нас прывёў на гэту сядзібу, паказаў, расказаў, і мы сталі кожны год ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага. У асноўным мы гэта рабілі 2 лютага, у Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага. І зразумела, што тут нічога не было, каб проста прыехаць ті пастаяць 5 хвілін, каб нейкі інтэрактыў, таму мы рабілі лыжныя рэйды, даязджалі да Баброўнікаў і там 7 кіламетраў ехалі на лыжах і ішлі на сядзібу, там знакаміты кутны камень, каля якога ставілі знічы, рабілі прамовы і ўшаноўвалі так памяць Каліноўскага.
Я вельмі рады, што зараз новыя людзі далучыліся да гэтай справы ўшанавання Кастуся Каліноўскага, што паўсталі гэтыя шыльды і што ёсць аргкамітэт, і што тут павінен быць музей, мемарыяльны комплекс, таму што гэта месца сілы беларусаў. Таму памятаем пра Кастуся і Жыве Беларусь!
РР: І яны ідуць таксама і вашым шляхам, бо вы кажыце, што пачыналі гаварыць з мясцовым гаспадаром, чыя зямля зараз на тэрыторыі сядзібы. Што чутно пра гэтую зямлю, наколькі гаспадар гатовы да супрацы?
Анатоль Міхнавец: Гаспадар не мае пастаяннага меркавання, з ім складана было праводзіць перамовы, а я думаю, што тыя, хто мяне чуе і чытае, слухачы і чытачы Радыё Рацыя, мы можам намаганнямі прыватных асобаў і арганізацый правесці перамовы з гаспадаром, магчыма, тут супольнасцю вёскі Мастаўляны, што гэта ідзе на карысць, гэта важна вёсцы, людзям, каб тут паўстаў мемарыяльны комплекс і музей. То бок усё, што мы можам зрабіць, каб памяць пра Кастуся Каліноўскага была захаваная, і трэба гэтую справу ўжо проста фіналізаваць.
Цалкам гутарка:
З “Госцем Рацыі”, даследчыкам гісторыі паўстання 1863 года, прадстаўніком руху «Каліноўцы» і новаадноўленай ініцыятывы Беларуская нацыянальная памяць Анатолем Міхнаўцом , размаўляла Вольга Сямашка.
Старонка Ініцыятыва Беларуская Нацыянальная Памяць.
Беларускае Радыё Рацыя




