Бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча пачынаюць судзіць за «заклікі да санкцый». Яму 48 гадоў, ён даўно займаецца бізнесам, колішні дырэктар дэпартамента бяспекі ў групе кампаніяў «Белагра». А да нядаўняга часу быў дырэктарам кампаніі «Молпак», якая займаецца аптовым гандлем малочкай. Але, бадай, галоўны бізнес Уладзіміра — гэта міжнародная кампанія Industrial Kinetic Lab, якая стварае рыштунак для апрацоўкі камення.
Балабановіч значыцца ў якасці заснавальніка або сузаснавальніка ў беларускім, індыйскім і балгарскім падраздзяленнях кампаніі. Агулам Уладзімір мае да яе дачыненне з 2018 года.
Уладзімір ахвяраваў музею ў Міры пячаткі з гербам Ільінічаў, заснавальнікаў Мірскага замка. Мужчына выпадкова знайшоў іх на сваёй дзялянцы.
Дата затрымання Балабановіча невядомая. У канцы студзеня бізнесоўца ўключылі ў склад «экстрэмісцкага фармавання Трыэліт». На той момант, імаверна, ён ужо быў за кратамі. Гэта дваровы чат таварыства ўласнікаў, якое кіруе новабудамі ў Менску. Уладзімір пазначаны як адзін з кіраўнікоў.
Суд над Уладзімірам пачнецца 2 траўня. Балабановічу пагражае да 12 гадоў калоніі за «заклікі да санкцый». Сутнасць справы невядомая.
Беларускае Радыё Рацыя