Днямі выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, адзін з 12-ці кадравых афіцэраў, хто 8 верасня ў 1992 годзе разам з 3-я тысячамі беларускіх вайскоўцаў прымаў прысягу на вернасць Беларусі, прысягу на беларускай мове. І як паказаў час, застаўся па сённяшні дзень верным клятве.

Ведаем, што ў Міколы Статкевіча праблемы са здароўем, неабходнай можа аказацца дапамога – матэрыяльная, медычная, прававая. Праваабарончы рух у Беларусі дашчэнту знішчаны. А трэба «трымаць вока» на тым, што адбываецца з Мікалаем Статкевічам. Нядаўна Наталля Радзіна кінула прапанову, каб рабілі гэта замежныя дыпламаты.
Мы спыталі ў праваабаронцы і былога палівязня Алеся Бяляцкага: ці добрая гэтая ідэя, ці рэальная ў цяперашніх умовах?
Алесь Бяляцкі: Апошніх пару дзён я ўвесь час згадваю Міколу, вельмі рады за яго, за ягоную жонку Марыну, тое, што ён выйшаў на волю. І ў Дзень роднай мовы трэба сказаць, што ён паслядоўна і прынцыпова заўсёды размаўляў па-беларуску. Ён адзін з яе прыхільнікаў і чалавек, які выкарыстоўвае беларускую мову не толькі там ад прычын да прычыны. Ён размаўляе на ёй паўсюль. Гэта вельмі важна.
Мікола сапраўдны беларус, сапраўдны беларускі афіцэр. І тое, што ён адсядзеў больш за пяць гадоў і зараз выйшаў на волю, гэта вядома вельмі добра. На жаль, са здароўем у яго ёсць сур’ёзныя праблемы. Адназначна ён атрымаў гэтыя хваробы ад умоваў утрымання ў калоніі. Гэта вялізнае нервовае напружванне, псіхалагічны вялізны ціск – і ўсё гэта дала такі вынік.

Але ён на волі, і будзем спадзявацца, што ў яго ўсё будзе добра. Ён не адзін. З ім жонка Марына. І гэта вельмі важна. Таму што яна з’яўляецца памочнікам, дапамагае вырашаць вось гэтыя праблемы са здароўем. Я спадзяюся, што ўсё там будзе добра. Калі будуць нейкія праблемы, зараз тысячы людзей, у тым ліку і дыпламаты і не толькі дыпламаты, беларусы і не толькі беларусы, назіраюць за ягоным станам здароўя, і думаю, што ён атрымае патрэбную медыцынскую дапамогу.
Тут трэба адзначыць, што тыя жорсткія, нечалавечыя адносіны, якія праяўляе Лукашэнка і ягонае кола ў адносінах да палітычных зняволеных, яны ж не распаўсюджваюцца на беларускае грамадства, беларускае грамадства не змянілася за гэты час, яно безумоўна падтрымлівае тыя змены, якія хацела, каб адбыліся, таму я думаю, што і людзі ў Беларусі таксама будуць максімальна спрыяць ягонаму выздараўленню. Безумоўна кантроль, што там адбываецца, вельмі важны, і я спадзяюся, што ў яго ўсё будзе добра, і тую патрэбную дапамогу, якая яму патрэбная, ён атрымае.
Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя






