Берасьцейскі блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін, які выйшаў на волю ў снежні 2022 году, выехаў з Беларусі за мяжу, паведаміў сёння, 13 лютага, у Фэйсбуку заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
Сяргей Пятрухін. Фота: Facebook
«Гэтая эвакуацыя была складанай, доўгай і напружанай, але я шчаслівы вам сказаць, што ўсё атрымалася!» — паведаміў Андрэй Стрыжак.
У красавіку 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ды ў знявазе прадстаўніка ўлады). Сяргей Пятрухін быў асуджаны яшчэ і за абразу суддзі Берасцейскага абласнога суду. Суддзя Вольга Краўчанка пакарала абодвух блогераў трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Сяргей Пятрухін выйшаў на волю ў снежні 2022 году і заставаўся ў Беларусі.