З 2020 году больш за 1200 чалавек асудзілі ў Беларусі за абразу Лукашэнкі і паклёп на яго (артыкулы 368 і 367 Крымінальнага кодэксу), падлічыў праваабарончы цэнтр «Вясна».

За гэты час паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі) асудзілі сама меней 963 чалавекі, некаторых з іх — у сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі. За «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 Крымінальнага кодэксу) з 2020 году, паводле звестак праваабаронцаў, асудзілі сама меней 263 чалавекі, з іх 149 асудзілі да калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму.
Затрыманні і суды за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп» на яго працягваюцца і цяпер, адзначаюць праваабаронцы. Паводле іх, толькі за два тыдні — з 21 кастрычніка па 1 лістапада — каля 20 чалавек у Беларусі судзілі паводле артыкулу «абраза Лукашэнкі», яшчэ 7 чалавек асудзілі за «паклёп на Лукашэнку».