З пачатку года 313 чалавек прыцягнута ў Беларусі да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду, публічнага дэманстравання нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі”.

Пра гэта заявіў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, выступаючы ў Менску на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да гадавіны прыняцця канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго.
Па словах Сукалы, якога цытуе прэс-служба Генеральнай пракуратуры, “адзін чалавек прыцягнуты [да адказнасці] за рэабілітацыю нацызму і яшчэ адзін асуджаны за размяшчэнне такой інфармацыі ў сетцы інтэрнэт”.
Улады ўзмацнілі барацьбу з “рэабілітацыяй нацызму” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў. Тэму нібы наяўнай сувязі паміж прыхільнікамі перамен і нацызмам перыядычна выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ў 1995 годзе ў інтэрв’ю нямецкай газеце “Хандэльсблат” станоўча адазваўся пра Адольфа Гітлера, з якім, на яго думку, было звязана “не ўсё толькі дрэннае”.
Беларускае Радыё Рацыя