КДБ Беларусі ўнёс у “пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, імёны 17 чалавек. У іх ліку аказалася Вольга Брыцікава – былая супрацоўніца прадпрыемства “Нафтан” і кіраўнік незалежнага прафсаюза на заводзе.

Упершыню жанчыну арыштавалі ў 2022 годзе, асудзіўшы на 105 дзён адміністрацыйнага арышту за выказванні супраць вайны і быццам бы “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пазней сілавікі затрымалі яе ў рамках крымінальнай справы, абвінаваціўшы ў “распальванні варожасці”.
У красавіку 2024 года яе асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. У верасні 2024-га Вольгу Брыцікаву асудзілі паўторна – гэтым разам паводле артыкулаў пра заклікі да санкцый і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Цяпер Вольга Брыцікава адбывае пяцігадовы тэрмін зняволення. На “Нафтане” жанчына прапрацавала 16 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя






