BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чацвёртая гадавіна смерці журналіста Уладзіміра Паца

10 снежня спаўняецца чатыры гады, як не стала Уладзіміра Паца, вядомага журналіста і доўгатэрміновага карэспандэнта Польскага Радыё ў Беларусі і Расеі. Ён раптоўна пайшоў з жыцця ў 54 гады, пакінуўшы жонку і двух дзяцей. Блізкія сябры і калегі адзначаюць шчырасць, дабрыню і прафесіяналізм журналіста і ўраджэнца Кнышэвічаў.

Уладзімір Пац
Уладзімір Пац

Прафесар Алег Латышонак успамінае:

– Заўсёды быў беларусам, шчырым беларусам, натуральным і з беларускай адукацыяй, такі самы сапраўдны.

– З вялікай сардэчнасцю і дабрынёй да іншых людзей.

– Уладзімір не хаваў, што ў яго беларускія карані, што ён з праваслаўнай сям’і, але адначасова ён быў палякам, грамадзянінам Польшчы і патрыётам Польшчы.

– Заўсёды да яго, калі чалавек звярнуўся, то ён дапамагаў.

–  Я стаў яго правадніком у Беларусі, а ён стаў маім правадніком у Польшчы і Варшаве.

Уладзімір Пац пахаваны на радзіме, на праваслаўных могілках у Самагародзе пад Саколкай. Пасмяротна ўзнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі Прэзідэнтам Рэспублікі Польшча Анджэем Дудам у 2021 годзе.

Магіла Уладзіміра Паца
Магіла Уладзіміра Паца
Мікола Ваўранюк і Уладзімір Пац на Басовішчы, пачатак 1990-ых.
Мікола Ваўранюк і Уладзімір Пац на Басовішчы, пачатак 1990-ых.
Уладзімір Пац і Юрка Ляшчынскі на акцыі ў Менску, канец 1990-ых.
Уладзімір Пац і Юрка Ляшчынскі на акцыі ў Менску, канец 1990-ых.
Юрка Ляшчынскі і Уладзімір Пац ля Мірскага замку.
Юрка Ляшчынскі і Уладзімір Пац ля Мірскага замку.
Уладзімір Пац
Уладзімір Пац

***

«Спяшаймася любіць людзей, яны так хутка сыходзяць»

                                                           (кс. Ян Твардоўскі)

Памяці Валодзі Паца

Мінае чатыры гады ад нечаканай смерці Уладзіміра Паца.

10 га снежня 2021 года на 54 годзе жыцця памёр у Менску шматгадовы карэспандэнт Польскага Радыё ў Беларусі, але і Расеі Валодзя Пац.

Уладзімір Пац, у мястэчку Ракаў, канец 90-ых.
Уладзімір Пац, у мястэчку Ракаў, канец 90-ых.

З Валодзям пазнаёміліся мы падчас з’еду Беларускіх Студэнтаў у Бельску-Падляшскім у сакавіку 1987 года.

Прыехала іх з Ольштына некалькі студэнтаў, дзеля стварэння арганізаванага студэнцкага жыцця ў Польшчы.

Найперш у легальных структурах агульна польскага студэнцтва, якія былі даступныя ў той час, але з часам у сваіх незалежных арганізацыях, якія вось-вось надыходзілі, у Беларускім Аб’яднанні Студэнтаў  (БАС стаў легальнай арганізацыяй з восені 1988 года). Валодзя, са снежня 1990 года быў абраны яго старшынём, пасля І-га тэрміну, калі арганізацыяй кіраваў Яўген Вапа. Нават Валодзя запрапанаваў змену ў статусе арганізацыі, каб старшыню  БАС-у не называць старшынёю, а прэзідэнтам (такая тады ў Польшчы пайшла мода, прэзідэнт краіны, прэзідэнт асацыяцыі, дык чаму не Беларускага  Аб’яднання Студэнтаў). Прэзідэнцтва ў нас  неяк так і не прынялося, бо пасля Валодзі, Бася Кучынская вярнулася да  старшынства.

Валодзя любіў прамаўляць, узорам паступаючай у той час хвалі амерыканізацыі, часта пачынаў выступ ад слоў “мы, народ беларускі”. Так было падчас штогадовых атрасін (нефармальны экзамен на студэнта) беларускіх студэнтаў першакурснікаў, ці падчас навагодніх сустрэч у пачатку 90-тых гадоў мінулага стагоддзя.

Іншы, хаця вельмі кароткі эпізод з таго часу звязаны быў з…палітычнай дзейнасцю беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Пачатак 90-тых гэта значная актыўнасць палітычнага жыцця беларусаў у Польшчы. Перш найперш удзел у парламенцкіх  выбарах 1991 года. Так па праўдзе першых дэмакратычных выбарах, бо гэтыя з 4 чэрвеня 1989 года былі часткова толькі дэмакратычныя. І так. Існавала Беларускае Дэмакратычнае Аб“яднанне-першая і адзіная як дагэтуль палітычная партыя беларусаў у пасляваеннай Польшчы.

Актывізаў сваю дзейнасць Беларускі Выбарчы Камітэт. Выбары ў Сойм і Сенат Рэчы Паспалітай. Беларусы выстаўляюць сваіх кандыдатаў у Сенат (толькі Беластоцкая акруга) і Сейм. Быў нават агульнапольскі спісак выбарчага камітэту, зарэгістраваны ў палавіне выбарчых акругаў у Польшчы. Але мы не мелі аж такой сілы, каб самастойна зарэгістравацца як агульнапольскі камітэт.

Аднак была магчымасць «блакаваць» выбарчыя камітэты, значыць спалучаць спіскі двух ці трох меншых камітэтаў, каб маглі зарэгістравацца як агульпольскі камітэт і выстаўляць свае спіскі ў любой выбарчай акрузе. Беларускі выбарчы камітэт «зблакаваўся» (спалучыў спіскі) з іншым камітэтам нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

З нямецкім. На практыцы выглядала гэта так, што на спісках Беларускага выбарчага камітэта кандыдавалі прадстаўнікі нямецкай меншасці і наадварот. На спіску нямецкага  камітэта былі беларусы. Аднак змаганне за дэпутацкія месцы ішло ў дадзенай акрузе, скажам Беластоцкім ваяводстве ці Апольскім, ці ў Варшаве горадзе, якая была выбарчым акругам.

Ну, і на такім нямецкім выбарчым спіску ў варшаўскай акрузе быў Валодзя Пац ды… аўтар гэтых слоў.

Для нас, беларусаў выбары 1991 года закончыліся паразай, як у беластоцкай, так і іншых акругах. Не ўвялі ніводнага свайго чалавека ў прадстаўнічыя органы польскай улады, за тое нямецкая меншасць мела некалькіх прадстаўнікоў у Сейме і Сенаце РП.  Абраных тады ў Апольскай акрузе, там дзе яны і пражывалі кампактна. Але з уавагі на гэты факт і на тое, што і мы і яны нацыянальныя меншасці, маглі разлічваць на іх прадстаўнікоў.

А потым студэнцкая рамантычная бестурботнасць  пачала саступаць  штодзённай цвёрдай рэчаіснасці, дзе галоўную ролю грала – выжыванне. Сутыкненне з жыццём таго часу, а гэта пачатак рыначнай сістэмы ў краіне, ці інакш перыяд «дзікага капіталізму» пераасэнсавала мары ў цвёрдую штодзённасць. І так Валодзя са студэнцкага дзеяча паступова стаўся журналістам, найперш беларускай службы Польскага радыё,  а пазней карэспандэнтам таго ж радыё ў Беларусі (нейкі час ў Расеі). Але гэта было ўжо пазней крыху.

Юрка Ляшчынскі, БРР

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Юркі Ляшчынскага, фэйсбуку Міколы Ваўранюка і nashaniva.com.