За год беларуская дыяспара ў Грузіі паменела ўдвая. Што правакуе беларусаў з’язджаць з гэтай каўказскай краіны? Наколькі цяжка даводзіцца беларусам, у якіх скончыліся тэрміны дзеяння беларускіх пашпартоў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае журналіст Андрэй Мялешка, якога 10 месяцаў таму не ўпусцілі ў Грузію, у гутарцы з Юліяй Сіевец.

РР: За гэты час нешта змянілася ў самой Грузіі ў палітычным плане? Як ты думаеш, упусцілі б цябе цяпер туды?
Андрэй Мялешка: Думаю, што не. Бо ведаю шмат гісторый людзей, якіх не ўпускаюць. Ведаю шмат гісторый і замежных журналістаў і нават з краін, якія побач з Грузіяй, армянскіх, азербайджанскіх журналістаў не ўпускаюць, прадстаўнікоў расейскіх незалежных СМІ таксама. Зараз ідзе размова таксама пра тое, што вельмі шмат калег грузінскіх сядзіць за кратамі. Некаторыя сядзяць ужо па некалькі месяцаў і невядома, што будзе далей. Некаторыя СМІ вымушаныя былі закрыцца ў сувязі з новым законам “аб іншаагентах”. Цяжка сказаць, я, напрыклад, ведаю сітуацыі, што людзі лятаюць у Грузію, ведаю, што нават некаторыя нашыя праваабаронцы лятаюць, журналісты нашыя. Я не збіраюся, таму што тут у мяне статус незразумелы, я чакаю на атрыманне карты побыту ў Польшчы. Мы тут нядаўна размаўлялі з калегамі з Батумі, якія яшчэ там засталіся, яны кажуць, займайся справамі цяпер у Польшчы, выцягвай сям’ю, каб сям’я магла прыехаць, і іншымі рэчамі.
РР: Чаму змянілася так сітуацыя? Чаму пайшоў наступ на свабоду слова?
Андрэй Мялешка: У Грузіі да цяперашняга часу не скончыліся пратэсты. Яны цягнуцца з верасня мінулага года. Раз на тыдзень абывецца вялікая акцыя ў Тбілісі. Больш малыя акцыі адбываюцца ў Батумі, у Поці і іншых гарадах. Яны мала ўзгадваюцца ў міжнародных СМІ зараз, бо не да іх, скажам, троху. Але яны працягваюцца, працягваецца ціск на прадстаўнікоў апазіцыйных партый, працягваюцца арышты, дэпартацыя ў іншую краіну, напрыклад, у Арменію, калі чалавека давозяць да мяжы і кажуць, хочаш жыць – ідзі праз мяжу.

РР: Узгадаем выпадак, калі нядаўна беларуса, калі ён прасіў палітычны прытулак, затрымалі. Ці гэта адзінкавы выпадак медыйны, ці былі іншыя і проста пра іх не казалі?
Андрэй Мялешка: Беларускі выпадак адзіны. Але гэтага чалавека на наступны дзень выпусцілі, прынялі ў яго ў той жа дзень дакументы на міжнародную абарону. Але зараз ідзе размова пра тое, што гэты чалавек не будзе знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, ён збіраецца неяк выязджаць адтуль. Ідзе размова пра тое, што яму дапамогуць ці Амбасада Германіі, ці Амбасада Францыі ў тым, каб ён пакінуў тэрыторыю Грузіі.
РР: Наколькі сур’ёзная і сумная сітуацыя з беларусамі, у якіх скончылася дзеянне беларускіх пашпартоў?
Андрэй Мялешка: Зараз мы кажам пра прыкладна 70 чалавек, якія падалі на міжнародную абарону. Сярод іх ёсць сябра КР Марына Зялёная, у яе сына скончыўся пашпарт. І яна не ведае, што рабіць далей. Бо ёй ужо некалькі разоў адмовілі. Яна ходзіць па ўсіх інстанцыях, па ўсіх судах. І яна хоча змагацца да апошняга. Але ёсць людзі, гатовыя з’язджаць з Грузіі. Нават са скончаным пашпартам ісці атрымліваць у Амбасадзе Беларусі т.зв. паперку на выезд ці ісці ў Французскую ці Нямецкую Амбасады атрымліваць дакумент падарожніка. Але былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі людзі атрымлівалі такія дакументы.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






