«Сямейнае свята?» – здзівіцца чалавек з Еўропы, нават з былога сацыялістычнага лагеру. «Цёплае свята калі ўсе блізкія людзі збіраюцца разам?» А якая ідэя аб’ядноўвае людзей – няўжо змена каляндара? Мой адказ вельмі просты – ідэя ў тым, каб хоць раз на год збірацца разам.
Здзіўляцца любові да Новага Году можа толькі чалавек, які не ведае кантэкст. Які не ў курсе пра дзясяткі тысяч забітых і закатаваных у лагерах святароў розных рэлігій і канфесій. Пра мільёны рэпрэсаваных вернікаў – напачатку станаўлення ўлады бальшавікоў.
А ў пазнейшым СССР, калі рэлігійныя інстытуцыі былі цалкам пад кантролем савецкіх спецслужбаў, адзначэнне Раства ці Вялікадня не галосна дазвалялася толькі малапісьменным людзям на вёсках.
А вось у чалавека з сярэдняй, а тым больш вышэйшай, адукацыяй за публічнае адзначэнне рэлігійнага свята маглі ўзнікнуць вельмі сур’ёзныя праблемы.
Таму адказ на пытанне чаму Новы Год стаўся сямейным святам ляжыць на паверхні – ён замяніў Раство.
Яшчэ адзін не відавочны для многіх прыклад – традыцыя хадзіць на Вялікдзень на могілкі. Як і на Новы Год замест Раства, тут людзі збіраліся разам на могілках, каб пабыць разам. Сталы накрываліся, а чарка памерламу ставілася разам з велікодным яйкам.
У абодвух прыведзеных прыкладах галоўная складовая частка – збор блізкіх людзей разам, пры гэтым з прывязкай да пэўнай ідэі. Будзь то карнавал ці памінанне.
Гэтае «разам» тое, што бальшавікі ў ранні свой перыяд прыходу да ўлады хацелі разбурыць у структуры грамадства. Каб замест сем’яў у класічным, родавым, сэнсе былі маленькія «ячэйкі» вялікага «обшаства», якое і мусіла стаць для чалавека вялікай сям’ёй. А агульныя зборы гэтай вялікай сям’і прапаноўваліся на 1-е траўня і 7-га лістапада. Пазней яшчэ дадалося 9-га траўня як «Дзень Пабеды». Род – гэта не кроў, род – гэта Партыя.
Цяпер вернемся да чалавека з Еўропы, з якога я пачаў. Далёка не факт, што Раство для яго – гэта пра хрысціянскае вучэнне і шырэй пра рэлігію наагул. Думаю, што ў большасці выпадкаў Раство для сучаснага еўрапейца – Раство як фактар аб’яднання. Сустрэча роду разам.
Тое, што беларусы не рэлігійныя вонкава, не значыць, што беларусы спрэс атэісты. Проста тэма рэлігіі ў Беларусі не ёсць фактарам грамадскага жыцця, тэма надта ўнутраная, хатняя.
Ці адновіцца традыцыя збірацца на Раство і Вялікдзень – пабачым. Але пакуль я бачыў і бачу ў шмат якіх сваіх суайчыннікаў паводзіны першахрысціянаў.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя