Спачатку пахвалюся, другі раз мяне цытуе тэлеграм-канал лукашэнкаўскіх «сілавікоў» пад назвай «Жёлтые сливы».
Я браў удзел у перадачы «БелСАТу» пад назвай «Двубой», прысвечанай тэме вяртання ці не вяртання, заставання ці ад’езду з Беларусі.

Усходнія немцы робяць першыя крокі на Захад. Ілюстрацыйны здымак
Сярод іншага я прапанаваў своеасаблівы літаратурны варыянт, больш падобны да сцэнара для мастацкага кіно.
Ідэя ў тым, што ў момант «ікс» адначасова з усіх магчымых памежных пераходаў у Беларусь вяртаюцца дзясяткі тысяч беларусаў.
«А ў чым сутнасць?» – пытаецца вядоўца. Сутнасць у тым, што насамрэч улады баяцца масавага вяртання. І ў названай кінематаграфічнай версіі адразу б з’явіліся заградатрады з боку лукашыстаў.
Чаму не фантастыка?
Сэнс у тым, што калі б дзясяткі тысяч за мяжой і сотні тысяч унутры краіны ведалі што дакладна рабіць у час «ікс», ніякія заградатрады, апалчэнцы і дружыннікі не дапамаглі бы.
Што замінае? Я ўпэўнены, што на польскім тэлеканале, прысвечаным Беларусі, «БелСАТ», дый на іншых медыйных пляцоўках Еўразвязу, мы, вымушаныя перасяленцы з Беларусі, мусім трымацца пэўных правілаў, прынятых у той ці іншай краіне.
Таму адкрыта абмяркоўваць сілавы варыянт вызвалення Беларусі наўрад ці выпадае. Адно намёкі.
Чаму не фантастыка – яшчэ адзін адказ знаходзіцца ў нядаўняй гісторыі чарады «чорных лебедзяў», такіх як «ковід», Беларуская рэвалюцыя, уварванне Расеі ва Украіну і фенаменальная сваёй унікальнасцю адзінства Захаду супраць агрэсіі Расеі.
Расея толькі за апошнія сто з лішкам гадоў сур’ёзна раскалывалася разы два. А выкарасквалася з эканамічнай бездані толькі дзякуючы ўсё таму ж Захаду. Цяпер дапамогі не будзе.
Хто сказаў, што заўтра нафта зноў не патаннее ў некалькі разоў? Хто сказаў, што не прыляціць чарговая «чорная лебедзь» – фатальная для Расеі?
Мне падаецца вельмі слушным, калі паводле рысаў характару беларусаў параўноўваюць з немцамі. Праўда, я заўжды ўдакладняю – падобныя да ўсходніх немцаў, да ГДРаўскіх, падатручаных «камунізмам».
Памятаеце як рухнуў Берлінскі мур? Міністр унутраных справаў ГДР штосьці ляпнуў у прамым эфіры тэлевізіі. Пасля ён спрабаваў тлумачыць, што меў на ўвазе іншае. Але першае слова больш значнае. Мур рухнуў праз выканальнасць гэдээраўскіх сілавікоў, якія паверылі, што міністр адкрыў мяжу з Заходнім Берлінам.
Усё адбылося на фоне трэшчын на целе СССР.
Самі па сабе ГДРаўскія немцы не вызваліліся б. Але яны скарысталіся сітуацыяй.
І нам трэба рыхтавацца ўжо цяпер. Выпрацоўваць алгарытм паводзінаў у момант «ікс».
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя