BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаму Лукашэнка пачаў актыўна рэпрэсаваць беларусаў за мяжой?

Беларускія ўлады ў апошні час усё часцей праводзяць завочныя суды. На днях стала вядома, што Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы на сотню беларусаў за мяжой за ўдзел у святкаванні сёлетняга Дня Волі.

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч лічыць, што сілавікі шчыльна ўзяліся за беларусаў замежжа найперш з-за таго, што ўнутры краіны поля для манеўру амаль не засталося.
«У краіне больш не засталося нейкіх структур, якія, на думку ўладаў, з’яўляюцца іх апанентамі і ўяўляюць хоць нейкую пагрозу, бо яны зачысцілі ўсю палітычную і грамадскую прастору. Таму цяпер узяліся за замежжа», – мяркуе эксперт. 

На думку аналітыка, сам факт таго, што сілавікі змагаюцца з дыяспарай і апазіцыяй за мяжой, сведчыць аб тым, што дзейнасць гэтых структур непакоіць улады.

«Сам Лукашэнка амаль пры любых публічных выступах згадвае пра так званых «беглых». Нават калі размова ідзе на зусім іншую тэму. Гэта сядзіць у ім, як стрэмка, і не дае супакоіцца, таму ён увесь час пра іх успамінае. Ён рэгулярна кажа, што яны ёсць, што яны ягоныя палітычныя апаненты». Пры гэтым, паводле слоў эксперта, упамінаючы пра тых, хто з’ехаў, Аляксандр Лукашэнка тым самым павышае іх суб’ектнасць у вачах беларускай грамадскасці, як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
«Бо калі б яны не мелі ніякага значэння, то навошта пра іх казаць. А калі пра іх кажуць, то значыць, што яны маюць нейкую вагу, бо ў Беларусі іх заўважаюць»,
– лічыць Карбалевіч.

Аналітык адзначае, што барацьба рэжыму Лукашэнкі са сваімі апанентамі распаўсюджваецца на ўсё новыя і новыя колы замежжа. Злачынным зараз аб’яўляецца нават тое, што раней такім не лічылася. Напрыклад, святкаванне Дня Волі.

Беларускае Радыё Рацыя